Іран і ЗША ўзгаднілі ў Бюргенштоку дарожную карту для дасягнення канчатковага пагаднення
Фота Агенцтва Анадолу 22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Апублікавана сумесная заява Пакістана і Катара адносна перагавораў у Бюргенштоку паміж Іранам і ЗША, якія датычацца рэалізацыі палажэнняў мемарандума аб спыненні канфлікту. Узгоднена дарожная карта для дасягнення канчатковага пагаднення. Аб гэтым паведамляе агенцтва ІРНА.
«Першы раўнд перагавораў на высокім узроўні ў рамках «Ісламабадскага мемарандума» прайшоў у швейцарскім Бюргенштоку з удзелам прадстаўнікоў Ісламскай Рэспублікі Іран, ЗША, а таксама краін-пасрэднікаў — Катара і Пакістана. Першы дзень саміту на возеры Люцэрн прайшоў у пазітыўнай і канструктыўнай атмасферы. Былі дасягнуты шматабяцальныя поспехі, у тым ліку створаны механізм для прадаўжэння тэхнічных перагавораў», — адзначаецца ў тэксце заявы.
Згодна з дакументам, у адпаведнасці з мемарандумам аб узаемаразуменні бакі дамовіліся аб стварэнні Камітэта высокага ўзроўню, які будзе ажыццяўляць палітычны нагляд за працэсам пасрэдніцтва. «Камітэт высокага ўзроўню ўзгадніў дарожную карту для дасягнення канчатковага пагаднення на працягу 60 дзён, што дасць магчымасць неадкладна пачаць далейшыя тэхнічныя перагаворы», — сказана ў дакуменце.
Паміж бакамі створана лінія сувязі для прадухілення інцыдэнтаў і непаразуменняў, а таксама для бяспечнага праходу гандлёвых суднаў праз Армузскі праліў.
Пры гэтым падраздзяленне па кантролі над канфліктамі, якое бакі дамовіліся стварыць разам з Ліванскай Рэспублікай пры садзейнічанні пасрэднікаў, прызначана гарантаваць выкананне палажэнняў мемарандума аб узаемаразуменні і спыненні ваенных аперацый у Ліване.
Як паведамляе ІРНА, дэлегацыя Ірана на чале са спікерам парламента Махамадам Багерам Галібафам пасля завяршэння 18-гадзінных інтэнсіўных перагавораў у Швейцарыі вылецела ў Тэгеран. Паводле паведамленняў інфармацыйных агенцтваў ISNA і Tasnim, тэхнічная група застаецца ў Швейцарыі і прадоўжыць тэхнічныя перагаворы па мемарандуме аб узаемаразуменні.
Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Ірана Ісмаіл Багаі заявіў, што перагаворы са Злучанымі Штатамі ў Швейцарыі прынеслі прагрэс у пытаннях змягчэння санкцый і экспарту нафты. «Продаж іранскай нафты, выдача неабходных ліцэнзій на экспарт нафты і разблакіроўка замарожаных або абмежаваных у абароце актываў Ірана былі сярод пытанняў, якія абмяркоўваліся падрабязна», — цытуе словы Багаі тэлеканал Al Jazeera. Іранскі дыпламат дадаў, што гэтыя пытанні «павінны ў бліжэйшы час перайсці ў стадыю рэалізацыі».
Сустрэча была ненадоўга прыпынена пасля пагроз прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, якія прымусілі іранскую дэлегацыю адмовіцца ад удзелу. Багаі заявіў, што абмен меркаваннямі праз пасрэднікаў прадоўжыўся: «Мы былі поўныя рашучасці выкарыстаць гэту магчымасць, каб упэўніцца ў выкананні абавязацельстваў другога боку».-0-






