Якія правапарушэнні выявілі ў гэтым годзе ў час уборачнай кампаніі, расказалі ў МУС
Фота з архіва 20 ліпеня, Мінск . Якія правапарушэнні выявілі ў гэтым годзе ў час уборачнай кампаніі, расказаў на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка ўпраўлення ГУБЭЗ Міністэрства ўнутраных спраў Сяргей Аўсіевіч,
«На перыяд уборачнай органамі ўнутраных спраў на ўзроўні кожнага раённага аддзела або ўпраўлення ўнутраных спраў створаны рабочыя групы. Яны ўключаюць прадстаўнікоў розных службаў, якія сістэматычна вядуць маніторынг сельскагаспадарчых прадпрыемстваў па двух асноўных пытаннях: першае — гэта прафілактыка, а другое — выяўленне злачынстваў», — адзначыў Сяргей Аўсіевіч.
Асноўная задача — прадухіленне крадзяжоў. «З 60 выяўленых злачынстваў у сельскай гаспадарцы за апошні месяц фактычна 90 працэнтаў — крадзяжы. Прадметам злачынных замахаў з’яўляюцца гаруча-змазачныя матэрыялы, запчасткі ад сельгастэхнікі і ўгнаенні. Акрамя крадзяжоў, на жаль, маюць месца хабары. Іх атрымліваюць службовыя асобы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў за спрыяльнае вырашэнне пытанняў пры арганізацыі працэдур закупак або заключэнні дагавораў на рамонт тэхнікі, яе арэнду. Напрыклад, супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Віцебскага аблвыканкама задакументавалі факт атрымання хабару адным з дырэктараў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на суму больш як 50 тыс. рублёў. Вырашалася пытанне па заключэнні дагавора арэнды на карысць камерцыйнага суб’екта гаспадарання», — абазначыў намеснік начальніка ўпраўлення ГУБЭЗ МУС.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца барацьбе з адміністрацыйнымі правапарушэннямі. «Калі кошт выкрадзенага меншы за 10 базавых велічынь, то гэта адміністрацыйнае правапарушэнне і дробны крадзеж. Такіх дробных крадзяжоў ужо выяўлена 112. Таксама ёсць даволі распаўсюджанае правапарушэнне, якое звязана з незаконным абаротам нафтавага вадкага паліва. Таго, якое прызначана для работы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, афарбавана, і фізічная асоба не мае права яго перамяшчаць у асабістых інтарэсах. Гэта таксама адміністрацыйнае правапарушэнне. На сённяшні дзень намі ўжо выяўлены факты крадзяжу 8 тыс. л паліва, якое ў поўным аб’ёме вернута сельскагаспадарчым прадпрыемствам. Устаноўлена пяць фактаў кіравання транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення з боку работнікаў сельгаспрадпрыемстваў», — сказаў ён.
Аб парушэннях органы ўнутраных спраў інфармуюць кіраўнікоў аблвыканкамаў і дырэктараў прадпрыемстваў. Асноўная задача — захаванасць таварна-матэрыяльных каштоўнасцей. Праваахоўнікі настроены на прафілактыку, аднак па ўсіх фактах проціпраўнай дзейнасці даецца прынцыповая ацэнка. Пры наяўнасці складу злачынства дзеянні вінаватых кваліфікуюцца з узбуджэннем крымінальнай справы.




