Якія гарантыі на рабочым месцы ёсць у цяжарных жанчын? Расказалі ў Мінпрацы
Фота з архіва 9 кастрычніка, Мінск . Жанчын у перыяд цяжарнасці забаронена прыцягваць да звышурочных работ, работы ў дзяржаўныя святы і святочныя дні, у начны час, выхадныя дні. Якія яшчэ гарантыі ёсць у цяжарных жанчын на рабоце, нагадалі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Жанчын у перыяд цяжарнасці нельга накіроўваць у службовую камандзіроўку, зніжаць заработную плату па матывах, звязаных з цяжарнасцю. Забаронена таксама скасаванне працоўнага дагавора па ініцыятыве наймальніка з цяжарнымі жанчынамі ў сувязі са скарачэннем колькасці або штату работнікаў.
Цяжарную жанчыну нельга звольніць і з прычыны неадпаведнасці займаемай пасадзе або выконваемай рабоце, калі прадаўжэнню гэтай работы перашкаджае стан здароўя або недастатковая кваліфікацыя. Акрамя таго, будучую маму нельга звольніць з прычыны няяўкі на работу на працягу больш як чатырох месяцаў запар у выніку часовай непрацаздольнасці. Пры гэтым у названы чатырохмесячны тэрмін не ўключаецца водпуск па цяжарнасці і родах.
У адпаведнасці з заключэннем урачэбна-кансультацыйнай камісіі (УКК) або медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі (МРЭК) жанчыне ў перыяд цяжарнасці зніжаюцца нормы выпрацоўкі, нормы абслугоўвання. Будучых маці, згодна з заключэннем камісіі, пераводзяць на іншую работу, больш лёгкую, якая выключае ўздзеянне шкодных і (або) небяспечных вытворчых фактараў, з захаваннем сярэдняга заработку па ранейшай рабоце.
Працягласць водпуску па цяжарнасці і родах складае 126 каляндарных дзён. У выпадках ускладненых родаў або пры нараджэнні дваіх і больш дзяцей гэты тэрмін павялічваецца да 140 каляндарных дзён. Для жанчын, якія пражываюць і працуюць на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, працягласць водпуску складае 146 каляндарных дзён, а пры ўскладненых родах або нараджэнні двайнят і больш дзяцей — 160 каляндарных дзён. Падставай для прадастаўлення водпуску з’яўляецца лісток часовай непрацаздольнасці, выдадзены дзяржаўнай арганізацыяй аховы здароўя.
У Мінпрацы нагадалі, што перад водпускам па цяжарнасці і родах або адразу пасля яго наймальнік абавязаны прадаставіць жанчыне працоўны водпуск, калі яна не выкарыстала яго поўнасцю. Пасля заканчэння дэкрэта наймальнік таксама абавязаны прадаставіць супрацоўніцы водпуск па доглядзе дзіцяці да трох гадоў. Для гэтага жанчыне дастаткова напісаць пісьмовую заяву. Пры гэтым водпуск па доглядзе дзіцяці можа быць выкарыстаны поўнасцю або па частках любой працягласці.





