Тэлефоны, смарт-акуляры, шпаргалкі. У КДК расказалі аб парушэннях у першы дзень здачы ЦЭ і ЦТ
Фота з архіва 28 мая, Мінск . За якія парушэнні былі выдалены з аўдыторыі навучэнцы пры здачы цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання, расказаў журналістам намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Максім Аляшкевіч,
КДК сумесна з Дзяржаўнай камісіяй па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі падвёў папярэднія вынікі першага дня ўступнай кампаніі. «Кантрольныя мерапрыемствы паказалі, што ў цэлым па краіне ўступная кампанія арганізавана на дастаткова высокім узроўні. Створаны належныя ўмовы для асоб, якія здаюць экзаменацыйныя іспыты. Сур’ёзных парушэнняў зафіксавана не было», — адзначыў Максім Аляшкевіч.
У асобных пунктах правядзення ЦТ і ЦЭ (а ўсяго іх па краіне было 144) выяўляліся недахопы, якія аператыўна ўстараняліся па патрабаванні правяраючых. Як падкрэсліў намеснік старшыні КДК, яны не адбіліся на аб’ектыўнасці атрыманых рэзультатаў. Разам з тым прынята рашэнне сумесна з Дзяржаўнай камісіяй правесці ў рэгіёнах дадатковыя інструктажы.
«З цэнтралізаванага экзамену было выдалена дзевяць, з цэнтралізаванага тэсціравання — пяць чалавек. Прычыны тыя ж, як і ў мінулым годзе: спроба праносу, выкарыстання мабільнага тэлефона, іншых сродкаў сувязі, шпаргалак. Мелі месца факты запаўнення бланкаў адказаў пасля заканчэння часу правядзення экзаменаў, што таксама з’яўляецца прычынай анулявання рэзультатаў і выдалення з аўдыторыі», — дадаў Максім Аляшкевіч. Акрамя традыцыйных смартфонаў і навушнікаў у гэтым годзе адзін з абітурыентаў выкарыстоўваў смарт-акуляры.
Намеснік старшыні КДК яшчэ раз звярнуў увагу навучэнцаў і іх бацькоў на тое, што ўсе спробы схітраваць і такім чынам палепшыць падагульняючы бал вядуць да анулявання рэзультатаў. Кантроль з боку КДК у наступныя дні будзе прадоўжаны ў кожным з пунктаў правядзення цэнтралізаваных іспытаў — пачынаючы з прапускнога рэжыму і заканчваючы выкананнем патрабаванняў у аўдыторыях, дзе непасрэдна праходзяць экзаменацыйныя іспыты.
Таксама два чалавекі не дапушчаны да правядзення экзаменаў з-за адсутнасці пашпарта. Максім Аляшкевіч нагадаў, што адсутнасць дакумента, які засведчвае асобу, у сувязі з афармленнем візы або дакументаў у загсе не з’яўляецца аб’ектыўнай прычынай для допуску на экзамен без яго. 






