Фінал спаборніцтваў па кулявой стральбе «Меткі стралок» збярэ ўдзельнікаў у Мінску 24 кастрычніка
Фота з архіва 20 кастрычніка, Мінск . Рэспубліканскі этап спаборніцтваў па кулявой стральбе «Меткі стралок» адбудзецца 24 кастрычніка ў стралковым ціры Рэспубліканскага стралкова-спартыўнага клуба ДТСААФ у Мінску. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі паведаміла метадыст Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Людміла Дронава,
Людміла Дронава расказала аб маштабах папярэдніх этапаў. «Першы, унутрышкольны этап, самы масавы, ахапіў больш за 33 тыс. навучэнцаў. Другі, гарадскі і раённы, ахапіў больш за 6 тыс. удзельнікаў. На трэці этап, абласны, прайшлі 516 юнакоў і дзяўчат», — адзначыла метадыст. На чацвёрты этап прыедуць 28 юнакоў і дзяўчат.
Спаборніцтвы праводзяцца сярод вучняў 9-11-х класаў і адносяцца да ліку афіцыйных спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Арганізатары — Міністэрства адукацыі і ДТСААФ.
Галоўны трэнер нацыянальных каманд па тэхнічных і авіяцыйных відах спорту ДТСААФ Дзмітрый Калмыкоў адзначыў, што да спаборніцтваў дапускаліся навучэнцы ад 14 да 16 гадоў, якія не праходзілі навучанне ў сярэдніх спецыяльных спартыўных установах. «Спаборніцтвы гэтыя з’яўляюцца асабіста каманднымі, гэта значыць падводзіцца залік як сярод дзяўчат, так і сярод юнакоў, а таксама камандны залік. У складзе каманды два хлопцы і дзве дзяўчыны, — дадаў ён. — Каб спаборніцтвы былі масавыя і не было абмежаванняў па спартыўнай зброі, для стральбы выбралі самую распаўсюджаную пнеўматычную вінтоўку МР-512, якая дае магчымасць праводзіць практыкаванне ВП-2, гэта 20 выстралаў з адлегласці 10 метраў. Удзельнікі выконваюць гэта практыкаванне стоячы без упору і атрымліваюць 6 пробных і 20 заліковых выстралаў па мішэні».
«У асабістым заліку навучэнцы, якія занялі першыя месцы, узнагароджваюцца медалямі, дыпломамі і прызамі. Каманды, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы ў камандным заліку, узнагароджваюцца кубкамі і дыпломамі. Акрамя таго, усіх членаў каманды-пераможцы, каманд-прызёраў, а таксама пераможцаў у асабістым заліку мы будзем узнагароджваць значком «Меткі стралок», — расказаў Дзмітрый Калмыкоў.
Нагрудны значок «Меткі стралок» быў афіцыйна зацверджаны яшчэ прэзідыумам ЦК ДТСААФ СССР 8 чэрвеня 1973 года. «Ён ствараўся як базавая ступень для падлеткаў 13-15 гадоў, якія навучаліся ў секцыях, пры школах, першасных арганізацыях ДТСААФ. Падлеткам пры гэтым не толькі трэба было паказаць рэзультат у стральбе з малакалібернай або пнеўматычнай вінтоўкі, але і здаць тэарэтычны залік па будове зброі, тэхніцы бяспекі і гісторыі ўзброеных сіл СССР», — адзначыў галоўны трэнер нацыянальных каманд па тэхнічных і авіяцыйных відах спорту.
Спікер таксама расказаў аб сучасным адраджэнні руху. «У мінулым годзе прыкладна ў гэты ж час мы вырашылі зрабіць стралковы спорт, кулявую стральбу ў прыватнасці, больш масавым рухам і сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам фізічнай падрыхтоўкі навучэнцаў і студэнтаў пачалі прапрацоўваць розныя варыянты. У лютым 2026 года Міністэрства адукацыі і ДТСААФ аб’явілі аб маштабным адраджэнні гэтага руху і старце рэспубліканскіх спаборніцтваў «Меткі стралок», — сказаў ён.
Дзмітрый Калмыкоў адзначыў, што галоўная мэта — фарміраванне ў моладзі якасцей, неабходных будучым абаронцам Айчыны. «Стралковыя спаборніцтвы закладваюць добрую базу для далейшага асваення воінскіх спецыяльнасцей. Дзяржаве неабходна мець падрыхтаваных грамадзян, якія маюць базавыя навыкі абыходжання са зброяй, — адзначыў спецыяліст. — Стральба патрабуе сур’ёзнай дысцыпліны ад стралкоў, максімальнай канцэнтрацыі, умення спраўляцца са стрэсам, хваляваннем і кантраляваць свае эмоцыі на агнявым рубяжы».
Дырэктар Рэспубліканскага стралкова-спартыўнага клуба ДТСААФ Юрый Мацюкевіч падкрэсліў, што судзейства будзе ажыццяўляць калегія, утвораная з работнікаў розных структур ДТСААФ з адпаведнымі катэгорыямі і паўнамоцтвамі.
Фота ДТСААФ






