Эканоміка

Эканоміка збліжэння. Да 15-годдзя з дня падпісання Дэкларацыі аб Еўразійскай эканамічнай інтэграцыі

Фота з архіва У 2026 годзе спаўняецца 15 гадоў з дня падпісання Дэкларацыі аб Еўразійскай эканамічнай інтэграцыі — гістарычнага дакумента, які заклаў фундамент сучаснага Еўразійскага эканамічнага саюза. Прынятая лідарамі Беларусі, Расіі і Казахстана ў лістападзе 2011 года, яна вызначыла вектар эканамічнага развіцця рэгіёна на многія гады наперад і запусціла маштабны працэс інтэграцыі рынкаў, капіталаў і рабочай сілы краін-удзельніц.

У верасні 1993 года краіны СНД зрабілі першую спробу стварэння на постсавецкай прасторы эканамічнага міждзяржаўнага аб’яднання, падпісаўшы Дагавор аб стварэнні Эканамічнага саюза. Аднак праект хутка зайшоў у тупік: ужо ў наступным годзе палавіна ўдзельнікаў адмовілася ўвасабляць гэты дагавор ў жыццё.

У 1994 годзе ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М.В.Ламаносава Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў выступіў з ідэяй фарміравання Еўразійскага саюза дзяржаў. І ўжо ў чэрвені таго ж года дэталёва распрацаваны інтэграцыйны праект быў накіраваны кіраўнікам дзяржаў, а затым з’явіўся і ў прэсе. Менавіта тады ўпершыню ў афіцыйным дакуменце новае інтэграцыйнае аб’яднанне было названа Еўразійскім саюзам.

6 студзеня 1995 года было падпісана пагадненне аб Мытным саюзе (МС) паміж Беларуссю і Расіяй, да якога ў тым жа годзе далучыўся Казахстан. Гэта пагадненне «тройкі» вызначыла тое ядро, якое да гэтага часу з’яўляецца рухавіком інтэграцыйных працэсаў на прасторы Еўразіі. Пазней да пагаднення далучыліся таксама Кыргызстан і Таджыкістан.

У лютым 1999 года бакі падпісалі дагавор аб Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы, згодна з якім удзельнікі абавязаліся завяршыць фарміраванне МС і перайсці да фарміравання агульнага рынку.

10 кастрычніка 2000 года прэзідэнты Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана ў мэтах эфектыўнага развіцця працэсу фарміравання Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы заснавалі Еўразійскую эканамічную супольнасць (ЕўрАзЭС).

У кастрычніку 2007 года быў падпісаны Дагавор аб стварэнні адзінай мытнай тэрыторыі і фарміраванні Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. Пасля гэтага ключавым арыенцірам для гэтых краін стала ўстараненне бар’ераў для свабоднага перамяшчэння тавараў ва ўзаемным гандлі і выгадных умоў гандлю МС з трэцімі краінамі, а таксама развіццё эканамічнай інтэграцыі.

У студзені 2010 года Мытны саюз Беларусі, Казахстана і Расіі пачаў функцыянаваць. Быў уведзены ў дзеянне Адзіны мытны тарыф, адменены мытнае афармленне і мытны кантроль на ўнутраных граніцах, а таксама забяспечаны бесперашкодны рух тавараў на тэрыторыі трох дзяржаў. У снежні таго ж года былі прыняты 17 базавых міжнародных дагавораў, якія ствараюць аснову для пачатку функцыянавання Адзінай эканамічнай прасторы, а таксама падпісана Дэкларацыя аб фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы трох краін.

18 лістапада 2011 года прэзідэнты Беларусі, Расіі і Казахстана Аляксандр Лукашэнка, Дзмітрый Мядзведзеў і Нурсултан Назарбаеў падпісалі Дэкларацыю аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі і Дагавор аб Еўразійскай эканамічнай камісіі. А ўжо ў студзені 2012 года ўступілі ў сілу міжнародныя дагаворы, якія фарміруюць прававую аснову Адзінай эканамічнай прасторы трох краін, якія стварылі аснову для свабоднага руху ўжо не толькі тавараў, але і паслуг, капіталу і рабочай сілы. У лютым таго ж года пачала работу Еўразійская эканамічная камісія са штаб-кватэрай у Маскве.

29 мая 2014 года ў Астане лідары Беларусі, Расіі і Казахстана падпісалі Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС), які ўступіў у сілу 1 студзеня 2015 года. Яго папярэднік, ЕўрАзЭС, спыніў сваё існаванне, а зробленыя напрацоўкі сталі асновай для фармавання новага ўзроўню эканамічнай інтэграцыі на постсавецкай прасторы.

Дагаворы аб далучэнні Арменіі і Кыргызстана да Еўразійскага эканамічнага саюза былі падпісаны 10 кастрычніка 2014 года ў Мінску і 23 снежня таго ж года ў Маскве адпаведна.

ЕАЭС быў створаны ў мэтах усебаковай мадэрнізацыі, кааперацыі і павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальных эканомік, а таксама стварэння ўмоў для стабільнага развіцця ў інтарэсах павышэння жыццёвага ўзроўню насельніцтва дзяржаў-членаў. Еўразійскі эканамічны саюз садзейнічае свабоднаму перамяшчэнню тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы, а таксама правядзенню скаардынаванай, узгодненай або адзінай палітыкі ў галінах эканомікі.

Вышэйшым органам саюза з’яўляецца Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет (ВЕЭС), у склад якога ўваходзяць кіраўнікі дзяржаў — членаў ЕАЭС. Яго пасяджэнні праводзяцца не радзей за раз у год. Першае пасяджэнне з моманту пачатку работы ЕАЭС адбылося 8 мая 2015 года ў Крамлі.

Другі ўзровень міждзяржаўных інстытутаў прадстаўлены Еўразійскім міжурадавым саветам, у склад якога уваходзяць кіраўнікі ўрадаў дзяржаў-членаў. Ён забяспечвае рэалізацыю і кантроль за выкананнем дагавораў, прынятых у рамках ЕАЭС, дае даручэнні Еўразійскай эканамічнай камісіі, а таксама ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы. Пасяджэнні праводзяцца не радзей за два разы ў год. Першае пасяджэнне адбылося 6 лютага 2015 года ў Горках, у падмаскоўнай рэзідэнцыі кіраўніка расійскага ўрада.

Акрамя таго, у структуры існуе пастаянна дзеючы наднацыянальны рэгулюючы орган саюза, які фарміруюць Савет Камісіі і Калегія Камісіі — Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК). Яе асноўнымі задачамі з’яўляюцца забеспячэнне ўмоў функцыянавання і развіцця саюза, а таксама распрацоўка прапаноў у сферы эканамічнай інтэграцыі ў рамках саюза.

Акрамя гэтага, існуе Суд ЕАЭС — судовы орган саюза, які забяспечвае прымяненне дзяржавамі-членамі і органамі саюза Дагавора аб ЕАЭС і іншых міжнародных дагавораў у рамках саюза.

Старшынства ў органах ЕАЭС перадаецца кожны год наступнай краіне ў алфавітным парадку. З 1 студзеня 2026 года яго ажыццяўляе Казахстан.

За час існавання аб’яднання быў пройдзены вялікі шлях. Інтэграцыя ў рамках саюза прынесла прыкметныя вынікі і стала важным інструментам эканамічнага развіцця для ўсіх краін — членаў ЕЭАС, у тым ліку і для Беларусі. Арганізацыя заўсёды адкрыта для ўступлення ў яе любой краіны, якая падзяляе яе асноўныя мэты і прынцыпы, на ўмовах, узгодненых дзяржавамі-членамі.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»