Дзяржавы ШАС і СНД маюць вялікі патэнцыял развіцця супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам — АТЦ СНД
7 кастрычніка, Мінск . У дзяржаў ШАС і СНД ёсць вялікі патэнцыял для далейшага развіцця і кансалідацыі намаганняў на контртэрарыстычным трэку. Аб гэтым заявіў кіраўнік Антытэрарыстычнага цэнтра (АТЦ) СНД Яўген Сысоеў у час пленарнага пасяджэння Контртэрарыстычнага форуму ў Мінску,
Яўген Сысоеў выказаў упэўненасць у тым, што на Контртэрарыстычным форуме будзе ўпісана новая добрая старонка ў летапіс супрацоўніцтва ШАС і СНД. «Таксама будзе пасланы выразны сігнал партнёрам, сябрам і калегам з іншых краін і міжнародных арганізацый аб нашым агульным імкненні павышаць узровень узаемадзеяння ў барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам, аб працэсе фарміравання шматпалярнасці і ўмацаванні еўразійскага супрацоўніцтва на аснове ўзаемных інтарэсаў і разумення агульных праблем», — адзначыў ён.
Кіраўнік АТЦ таксама адзначыў, што ў дзяржаў ШАС і СНД, а таксама прысутных на канферэнцыі міжнародных структур ёсць вялікі патэнцыял для далейшага развіцця і кансалідацыі намаганняў на контртэрарыстычным трэку, здольны процістаяць глабальным і рэгіянальным рызыкам, традыцыйным і новым выклікам і пагрозам, унесці свой важкі ўклад у забеспячэнне бяспекі на Еўразійскім кантыне. Ён таксама дадаў, што рэалізацыя маштабнага форуму была б немагчыма без добрай волі і палітычнай падтрымкі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
«Наш форум праходзіць ва ўмовах складанай міжнароднай абстаноўкі, якая характарызуецца ўзмацненнем геапалітычнай нявызначанасці і беспрэцэдэнтным нарастаннем ваенна-палітычнай напружанасці, што правакуюць сусветны эканамічны і гуманітарны крызісы. Лідары нашых краін прымаюць меры па аб’яднанні намаганняў для сумеснага пераадолення супярэчнасцей і дээскалацыі глабальнай напружанасці, лакалізацыі бягучых і патэнцыяльных выклікаў і пагроз», — падкрэсліў Яўген Сысоеў.
У якасці прыкладу ён прывёў рашэнні аб заснаванні фарматаў СНД+ і ШАС+, а таксама прадастаўленне Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва статусу наглядальніка пры Садружнасці Незалежных Дзяржаў. «Інтэгруючы нашы магчымасці і збліжаючы пазіцыі па актуальных міжнародных пытаннях, мы робім упэўненыя практычныя захады да пашырэння контуру нашай бяспекі, увасабляючы ў жыццё канцэпцыю Вялікага еўразійскага партнёрства», — сказаў кіраўнік АТЦ СНД.
7-8 кастрычніка ў Беларусі праходзіць Контртэрарыстычны форум. У праграме — XII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры ШАС і IV Канферэнцыя СНД па процідзеянні тэрарызму і экстрэмізму. Таксама запланавана правядзенне першага сумеснага вучэння кампетэнтных органаў СНД і ШАС «Еўразія-Антытэрор — 2026».
Фота Андрэя Сіняўскага, Яна Гарбанюка






