«Ёсць сумненні». Лукашэнка аб ініцыятыве змяніць патрабаванні для медработнікаў у прыватных клініках
10 верасня, Мінск . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб ініцыятыве змяніць патрабаванні для медработнікаў у прыватных клініках. Аб гэтым ён заявіў 10 верасня на нарадзе па пытаннях ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці,
Праектам закона «Аб змяненні законаў па пытаннях ліцэнзавання», які падрыхтаваны Міністэрствам эканомікі, прапануецца, у прыватнасці, змяніць патрабаванні для работы ў прыватным сектары аховы здароўя. Напрыклад, павялічыць стаж працы з 3 да 7 гадоў у дзяржустанове, зрабіць абавязковай наяўнасць не менш як першай катэгорыі, у тым ліку для сярэдніх медработнікаў.
«У многіх выклікае сумненні мэтазгоднасць прапанаваных змяненняў у патрабаваннях для работы ў прыватным сектары аховы здароўя, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Атрымліваецца, што дзяржаўныя арганізацыі становяцца трамплінам для прыватнага бізнесу? Ці не?»
Прэзідэнт спытаў, ці ёсць аналітычныя даныя аб тым, колькі медработнікаў ідуць у камерцыйныя структуры і па якіх прычынах.
«Ці паўсюдна праходзіць такая міграцыя работнікаў аховы здароўя да прыватнікаў? Як прапанаваныя меры дадуць магчымасць узмацніць кадравыя рэзервы дзяржаўных устаноў аховы здароўя? — спытаў Аляксандр Лукашэнка. — З іншага боку. Калі пакінуць усё як ёсць, наколькі прыватная медыцына будзе ўключана ў вырашэнне сацыяльных задач дзяржавы? І наогул, як працуе дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў гэтай сферы?»
«І ўвогуле нам трэба паглядзець на ахову здароўя дзяржаўную і прыватную. Мы заўсёды гаворым: «Вось, давайце роўныя ўмовы і іншае». А ці роўныя ўмовы? Напэўна, тут таксама сёе-тое ўпіраецца ў цэнаўтварэнне, у цану», — дадаў кіраўнік дзяржавы.





