Больш за 6 млн дрэў высадзілі ў час акцыі «Дай лесу новае жыццё!»
Фота з архіва 25 кастрычніка, Мінск . У час акцыі «Дай лесу новае жыццё!» на лясных участках працавалі больш за 40 тыс. удзельнікаў, пасаджана звыш 6 млн дрэў. Падрабязнасці паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве лясной гаспадаркі.
Акцыя праходзіла на 993 участках па ўсёй краіне. «За тыдзень новыя лясныя культуры былі створаны на плошчы 646,6 га. У тым ліку на бураломах было створана 401,8 га новых лясных культур, на месцы ўсыхаючых насаджэнняў — 220,9 га», — расказалі ў ведамстве. Паралельна вялося дапаўненне лясных культур на плошчы 926,6 га.
Усяго было высаджана больш за 6,2 млн дрэў. У акцыі прынялі ўдзел 40,2 тыс. чалавек.
У Міністэрстве лясной гаспадаркі падзякавалі ўсім, хто далучыўся да добрай справы і ўнёс свой уклад, каб Беларусь і ў далейшым заставалася адной з самых зялёных краін Еўропы.





