Больш як 700 тыс. тон сталі вырабілі на БМЗ у I паўгоддзі
Фота з архіва 15 ліпеня, Гомель . Звыш 700 тыс. т сталі вырабілі на БМЗ у першым паўгоддзі. Вынікі работы прадпрыемства ў студзені — чэрвені падвёў першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ «БМЗ — кіруючая кампанія холдынга «БМК» Анатоль Волкаў на сустрэчы з калектывам энергетычнага цэха, паведамілі на прадпрыемстве.
Як падкрэсліў Анатоль Волкаў, першыя шэсць месяцаў 2026 года завод адпрацаваў стабільна, нягледзячы на складаную кан’юнктуру сусветнага рынку металапрадукцыі. Выраблена больш як 707 тыс. т сталі, звыш 651 тыс. т пракату, больш як 46 тыс. т труб і каля 60 тыс. т метызнай прадукцыі.
На БМЗ распрацавана праграма па павышэнні эфектыўнасці вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі. «Мы абапіраемся на дакладна сфармуляваную стратэгію продажаў і дыверсіфікацыю прадукцыі. Адзін з важных напрамкаў праграмы — павелічэнне долі прысутнасці нашай прадукцыі на ўнутраным рынку. За апошнія тры гады павялічылі гэты паказчык у два разы: калі раней ён складаў 30 працэнтаў, то цяпер — больш як 60 працэнтаў», — звярнуў увагу першы намеснік генеральнага дырэктара.
«Чэрвень спрацавалі са станоўчай рэнтабельнасцю і дабавілі да майскіх паказчыкаў каля 5 тыс. т сталі», — дадаў ён.
У ліку прыярытэтных задач на другое паўгоддзе Анатоль Волкаў абазначыў дыверсіфікацыю продажаў і экспартных паставак, зніжэнне сабекошту і планамернае павелічэнне тэмпу вытворчасці да ўзроўню мінулага года.
ААТ «БМЗ — кіруючая кампанія холдынга «БМК» — высокатэхналагічнае прадпрыемства металургічнай галіны. Структурна складаецца са звязаных адным тэхналагічным ланцужком вытворчасцей — сталеплавільнай, пракатнай, трубнай, метызнай і цэхаў інфраструктуры.






