Бліскучая дзіва беларускай опернай сцэны. Наталлі Рудневай спаўняецца 75 гадоў
Наталля Руднева ў ролі Кармэн. Фота Вялікага тэатра 27 мая, Мінск . Народнай артыстцы Беларусі, опернай спявачцы і педагогу Наталлі Рудневай сёння спаўняецца 75 гадоў. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў яе імя было непарыўна звязана з беларускай опернай сцэнай, а створаныя ёю вобразы ўвайшлі ў гісторыю Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.
Наталля Аляксандраўна Руднева нарадзілася 27 мая 1951 года ў Куйбышаве (цяпер Самара). У юнацтве будучая артыстка зусім не марыла аб сцэне і збіралася паступаць на фізіка-матэматычны факультэт педагагічнага інстытута. Рашэнне змяніць лёс прыйшло пасля таго, як педагогі, пачуўшы яе голас, пераканалі дзяўчыну паспрабаваць свае сілы ў музычным вучылішчы.
У Мінск Наталля Руднева прыехала пасля заканчэння Куйбышаўскага музычнага вучылішча па агульнасаюзным размеркаванні і пачала сваю творчую дзейнасць у якасці артысткі хору Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Нягледзячы на магчымасць вучыцца ў Ленінградскай кансерваторыі, яна адмовілася ад гэтага варыянта. Аднак пазней, каб выканаць абяцанне, дадзенае свайму педагогу, усё ж прадоўжыла вучобу, паступіўшы ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю. Яшчэ будучы студэнткай пятага курса, Руднева па запрашэнні дырыжора А.Анісімава прыняла ўдзел у пастаноўцы «Рыгалета». Як пазней успамінала артыстка: «Я спела прэм’еру — і лёс мой быў вырашаны».
Пасля заканчэння кансерваторыі ў 1981 годзе Наталля Руднева была прынята салісткай у трупу Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, у якім бліскуча выступала 30 гадоў. Амаль адразу ёй выпала сур’ёзнае выпрабаванне: хворых выканаўцаў партыі Любашы ў «Царскай нявесце» давялося тэрмінова замяніць, і маладая спявачка выйшла на сцэну практычна без сцэнічных і аркестравых рэпетыцый. У далейшым Руднева выконвала Любашу каля чвэрці стагоддзя і называла ролю адной з галоўных у сваім жыцці.

Моцны і прыгожы тэмбр голасу, яркі тэмперамент, неймавернае жаданне ўдасканальвацца ў творчасці — усё гэта адразу ацанілі і палюбілі гледачы і калегі. Яе прынцэса Эбалі, царская Амнерыс, іскрамётная Кармэн, трагічная Любаша, вядзьмарка Ульрыка, пакутніца Сантуца, загадкавая Мадалена, апантаная пачуццём помсты Клара Цаханасьян бударажылі, улюблялі і ўражвалі гледача. Наталля Аляксандраўна ў любым з гэтых сцэнічных вобразаў была заўсёды пераканаўчая як спявачка і актрыса.
На працягу многіх гадоў Наталля Руднева выступала з такімі калектывамі, як Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, аркестры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Міністэрства ўнутраных спраў, Смаленскі рускі народны аркестр імя Дуброўскага, Дзяржаўны акадэмічны рускі аркестр імя Андрэва (Санкт-Пецярбург) і інш.
У 1992 годзе ў Барселоне ў рамках культурнай праграмы Алімпійскіх гульняў Наталля Руднева выканала духоўную араторыю «Чырвоная кніга» іспанскага кампазітара К.Бенгуэрэля. У 1996 годзе ў Швейцарыі на вечары памяці Эдзісона Дзянісава выканала вакальны цыкл кампазітара на вершы кітайскіх паэтаў. Са спектаклямі і канцэртамі яна гастраліравала ў краінах блізкага і далёкага замежжа. Актыўна супрацоўнічала з Беларускім тэлебачаннем. Запісала мноства музычных тэлепраграм, у якіх выканала творы камернай класікі.

У 1994 годзе Наталля Руднева атрымала званне заслужанай артысткі Беларусі, а ў 1999 годзе — народнай артысткі Беларусі.
У 2011 годзе яна ўзначаліла групу стажораў тэатра. Многія яе вучні ў далейшым выступалі не толькі на сцэне роднага тэатра, але і на тэатральных падмостках іншых краін. Пасля адыходу з тэатра ў 2018 годзе Наталля Аляксандраўна прысвяціла сябе педагагічнай дзейнасці. Цяпер яна з’яўляецца дацэнтам кафедры спеваў і музычна-тэатральнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 
Фоа з архіва БЕЛТА, Вялікага тэатра






