Біржа даных, прамысловыя кластары. Перспектыўныя кропкі росту эканомікі СД назвалі ў Банку развіцця
25 чэрвеня, Мінскі раён . Найбольш перспектыўныя кропкі росту Саюзнай дзяржавы назваў намеснік старшыні праўлення Банка развіцця Дзмітрый Ярашэвіч у час экспертнай сесіі XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў санаторыі «Юнацтва»,
«Гаворачы аб перспектывах развіцця нашых краін і Саюзнай дзяржавы, хацеў бы спыніцца на стымуляванні развіцця навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, перш за ўсё на фарміраванні інстытуцыянальнага асяроддзя, якое стымулюе стварэнне інавацый па ўсім ланцужку — ад навукі да вытворчасці. Менавіта для вырашэння гэтай задачы мэтазгодна аб’яднаць намаганні ў рамках Саюзнай дзяржавы», — адзначыў Дзмітрый Ярашэвіч.
Ён указаў на тое, што аснова інавацыйнага асяроддзя — заканадаўства. «Яно ёсць і працуе ў Беларусі і ў Расіі. Яго ўніфікацыя на аснове мадэльных прававых актаў, распрацаваных з улікам перадавога сусветнага вопыту і айчыннай практыкі, бачыцца першачарговай задачай», — падкрэсліў намеснік старшыні праўлення Банка развіцця.
Таксама важным аспектам інавацыйнага развіцця з’яўляецца стварэнне інфраструктуры навукова-тэхнічнай дзейнасці. «Фарміраванне інфраструктуры, неабходнай для функцыянавання эканомікі, заўсёды было адной з асноўных задач дзяржавы. Шмат увагі ўдзяляецца развіццю энергетыкі, транспартнай камунікацыі. Дзяржпадтрымка ў стварэнні вытворчай базы для выпуску тавараў і паслуг — гэта таксама развіццё інфраструктуры. У Саюзнай дзяржаве прыярытэтным можа стаць фінансаванне інавацый. Першачарговая задача — павялічыць долю эфектыўнага дзяржфінансавання, камбінуючы гранты для фундаментальнай навукі і конкурсныя праграмы для прыкладных даследаванняў. Таксама неабходны ўдзел дзяржавы ў венчурным фінансаванні інавацыйных праектаў, а таксама стварэнне трансгранічных інавацыйна-прамысловых кластараў у Саюзнай дзяржаве», — сказаў Дзмітрый Ярашэвіч.
Кропкай росту можа стаць і больш актыўнае выкарыстанне вялікіх даных (Big Data). «Аналіз велікіх масіваў даных, якія збіраюцца кампаніямі ў ходзе ўзаемадзеяння з карыстальнікамі, карысны іншым кампаніям. Аднак абмен і гандаль гэтымі данымі стрымліваюцца заканадаўствам аб абароне даных. Выйсце — біржы даных, якія забяспечваюць падкантрольны дзяржаве бяспечны стандартызаваны абмен рознымі данымі і сумеснае выкарыстанне гэтых даных бізнесам і дзяржаўнымі інстытутамі развіцця. Прыкладам з’яўляецца вопыт Кітая: з 2022 года паспяхова працуе Шанхайская біржа даных. Даныя ператварыліся ў актыў, які не толькі патрэбна купляць, але і можна выкарыстоўваць у якасці залогу для банкаўскага крэдыту і гарантыі для каштоўных папер», — рэзюмаваў намеснік старшыні праўлення Банка развіцця.






