Беларускае сухое малако ўпершыню прададзена ў Малайзію праз біржу
Фота з архіва 9 чэрвеня, Мінск . Першая здзелка па рэалізацыі сухога абястлушчанага малака ў Малайзію зарэгістравана на Беларускай універсальнай таварнай біржы (БУТБ), паведамілі ў прэс-службе БУТБ.
Аб’ём пробнай закупкі склаў 100 т. Прадаўцом выступіла малакаперапрацоўчае прадпрыемства з Мінскай вобласці, а пакупніком — вытворца алейна-тлушчавай прадукцыі з малазійскага штата Селангар.
Паводле даных БУТБ, у бягучым годзе сухое малако на біржавых таргах куплялі рэзідэнты 25 краін. У пяцёрку буйнейшых імпарцёраў па выніках пяці месяцаў увайшлі Расія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Польшча, Германія і Сінгапур.
«У студзені — маі 2026 года за мяжу праз біржавую пляцоўку было рэалізавана амаль 98 тыс. т беларускага сухога малака больш як на $285 млн. Такім чынам, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года экспартныя пастаўкі выраслі ў 1,7 раза ў натуральным выражэнні і ў 1,8 раза ў вартасным. Гэтаму пасадзейнічала павелічэнне пула замежных пакупнікоў, якія рэгулярна ўдзельнічаюць у таргах і заключаюць біржавыя здзелкі. Калі ў 2025 годзе іх было 151, то ў бягучым годзе — ужо 208. Акрамя таго, назіраецца павышэнне попыту на айчыннае сухое малако з боку краін далёкай дугі і ў прыватнасці такіх рэгіёнаў, як Блізкі Усход і Азія, што адпаведным чынам уплывае на дынаміку цэн. Напрыклад, кошт сухога абястлушчанага малака з пачатку года вырас у сярэднім на 20 працэнтаў і цяпер складае каля $2,9 за 1 кг», — расказалі ў прэс-службе БУТБ.
Біржавыя таргі малочнай прадукцыяй на экспарт праводзяцца на БУТБ двойчы ў тыдзень. Акрамя таго, прадугледжана магчымасць заключэння біржавых адрасных здзелак па цэнах не ніжэйшых за біржавыя каціроўкі, якія склаліся па выніках таргоў. У рамках гандлёвых сесій на знешнія рынкі рэалізуецца сухое малако (неразведзенае і абястлушчанае), сметанковае масла, сухая малочная сыроватка, сухія вяршкі, сычужныя сыры, тварог, казеін і сухая сумесь для марожанага.
ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ — адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Яе галоўная функцыя — садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.






