Беларуска-пакістанскія сувязі з’яўляюцца прыкладам доўгатэрміновага партнёрства — Іпатаў
25 верасня, Мінск . Беларуска-пакістанскія сувязі — прыклад доўгатэрміновага партнёрства. Гэта адзначыў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзім Іпатаў на сустрэчы з парламенцкай дэлегацыяй Ісламскай Рэспублікі Пакістан на чале са старшынёй Сената Парламента Саідам Юсуфам Разой Гілані,
«Беларуска-пакістанскія сувязі з’яўляюцца прыкладам доўгатэрміновага партнёрства, пабудаванага на ўзаемным даверы, павазе і агульных стратэгічных інтарэсах. За 32 гады дыпламатычных адносін мы прайшлі вялікі шлях ад першых кантактаў да шматвектарнага супрацоўніцтва», — сказаў Вадзім Іпатаў. 
Ён адзначыў цёплае стаўленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да Пакістана. Сведчаннем таго, паводле яго слоў, з’яўляецца абмен візітамі, якія праведзены на вышэйшым узроўні, а таксама сустрэчы на пляцоўках шматбаковых самітаў.
Так, у верасні 2026 года ў Бішкеку на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва адбылася чарговая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і прэм’ер-міністра Пакістана Шахбаза Шарыфа. У ходзе перагавораў быў дасягнуты шэраг важных дамоўленасцей. Вадзім Іпатаў выказаў перакананасць, што іх рэалізацыя будзе садзейнічаць далейшаму развіццю ўсебаковага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.
Важны ўклад у развіццё двухбаковага партнёрства ўносяць парламенты краін, таму што ствараюцца дадатковыя механізмы ўзгаднення пазіцый, пашырэння сумесных ініцыятыў, садзейнічання ў рэалізацыі ўзаемавыгадных інтарэсаў, адзначыў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў. 
Ён нагадаў, што ў жніўні 2024 года адбыўся візіт у Беларусь старшыні Нацыянальнай асамблеі Пакістана Сардара Аяз Садзіка. Гэты візіт стаў фундаментам для падрыхтоўкі наступных важнейшых кантактаў на вышэйшым узроўні, уключаючы афіцыйныя перагаворы ў Ісламабадзе, стаў важным этапам у перазагрузцы двухбаковых адносін.
«Мы дамовіліся прадметна абнавіць гандлёва-эканамічны парадак дня. Былі намечаны канкрэтныя крокі па актывізацыі работы сумеснай беларуска-пакістанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў актыўна на рэгулярнай аснове прымаюць удзел у яе пасяджэннях і аказваюць садзейнічанне ў рэалізацыі дарожнай карты развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Пакістанам на 2025-2027 гады», — адзначыў Вадзім Іпатаў. 
Беларускі бок выказвае поўную падтрымку ініцыятыве Пакістана па правядзенні Міжпарламенцкай канферэнцыі спікераў парламентаў, падкрэсліў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў, адзначыўшы, што Беларусь прымала ўдзел у гэтым значным мерапрыемстве як у Ісламабадзе, так і ў Пнампені.
Паводле слоў віцэ-спікера Палаты прадстаўнікоў, практыка работы такога фармату пераканаўча даказвае, што вылучаная пакістанскімі калегамі ініцыятыва служыць надзейным фундаментам для ўмацавання шматбаковых міжпарламенцкіх кантактаў і ўносіць важкі ўклад у фарміраванне збалансаванай сістэмы міжнародных адносін, заснаваных на прынцыпах узаемнай павагі, раўнапраўя і канструктыўнага дыялогу. 
Вадзім Іпатаў выказаў перакананасць, што дамоўленасці, дасягнутыя ў ходзе IX пасяджэння сумеснай беларуска-пакістанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, якое адбылося ў жніўні 2026 года ў Ісламабадзе, будуць садзейнічаць развіццю прамысловасці, гандлю, сельскай гаспадаркі, транспарту, лагістыкі, фінансаў, аховы здароўя і ІТ-сферы.
Старшыня Сената таксама звярнуў увагу, што дыпламатычныя адносіны паміж дзвюма краінамі прадаўжаюцца больш як тры дзясяткі гадоў.
«Мы вельмі сур’ёзна і ўважліва ставімся да нашых адносін з Беларуссю», — сказаў Саід Юсуф Раза Гілані, адзначыўшы, што супрацоўніцтва азнамянуецца сустрэчамі на высокім узроўні. Пакістан узаемадзейнічае з Беларуссю на палях міжнародных арганізацый — ААН, Міжпарламенцкага саюза, ШАС, Азіяцкай парламенцкай асамблеі. «Мы і ў далейшым маем намер супрацоўнічаць і падтрымліваць адзін аднаго», — падкрэсліў ён.
Фота Віталя Піваварчыка






