Беларусь застаецца адной з самых чытаючых краін — дэпутат
4 верасня, Мінск . Беларусь застаецца адной з самых чытаючых краін. Аб гэтым заявіў старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валянцін Семяняка ў час Міжнароднага круглага стала «Мастацкае слова — гуманітарны мост міру і добрасуседства паміж народамі і краінамі»,
Паводле яго слоў, такога выніку ў эпоху засілля сучасных інфармацыйных тэхналогій удалося дабіцца дзякуючы пастаяннай рабоце дзяржавы і грамадскіх арганізацый. «Напрыклад, правядзенне Дня беларускага пісьменства ў рэгіёнах дазваляе знайсці новых аўтараў. У нашай краіне вельмі актыўна літаратурай цікавяцца дзеці і моладзь. Вядома, у падлеткавым узросце юныя грамадзяне больш захапляюцца фэнтэзі і жаночымі раманамі. Але я бачу і вялікую цікавасць да паэтычнага слова. Гэта не можа не радаваць. На апошняй кніжнай выстаўцы, якая праходзіла ў Мінску, было вельмі шмат маладых людзей. Яны цікавіліся навінкамі літаратуры, куплялі кнігі, удзельнічалі ў мерапрыемствах. Гэта вельмі важна, таму за імі будучыня», — расказаў Валянцін Семяняка.
Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Навум Гальпяровіч падкрэсліў, што маладыя аўтары, якія прыходзяць у літаратуру, выдатна валодаюць беларускай мовай. «Яны развіваюць беларускую літаратуру і будзем спадзявацца, што яны створаць цудоўныя творы, якія будуць расказваць свету пра Беларусь», — дадаў ён.

Анатоль Мацвіенка, начальнік Цэнтра падтрымкі літаратуры Беларускага саюза пісьменнікаў адзначыў, што сёння перад сучаснымі аўтарамі стаіць яшчэ адна задача — узаемадзеянне са штучным інтэлектам. Ён расказаў, што пакуль якасць кніг, створаных пры дапамозе штучнага інтэлекту, даволі нізкая, але яны паспелі пацясніць на расійскім і заходнім рынку кнігі, якія напісаны чалавекам. «Цяпер мы знаходзімся ў даволі складанай сітуацыі, калі мы павінны навучыцца правільна выкарыстоўваць штучны інтэлект у якасці памочніка для напісання кніг, а не расціць з яго нашага саперніка. Гэта ўсё ж такі той выпадак, калі чалавек, канкурыруючы з машынай, павінен перамагчы», — падкрэсліў ён.
Фота Сяргея Шэлега



