Беларусь і Расія падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы лічбавізацыі аховы здароўя
Фота прэс-службы Мінсувязі 26 чэрвеня, Мінск . Агенцтва лічбавай трансфармацыі (Беларусь) і Цэнтральны навукова-даследчы інстытут арганізацыі і інфарматызацыі аховы здароўя (ЦНДІАІАЗ) Міністэрства аховы здароўя РФ на палях XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы лічбавізацыі аховы здароўя. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Мінсувязі.
Цырымонія прайшла на базе Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі.
Дамоўленасці аб доўгатэрміновым партнёрстве афіцыйна замацавалі генеральны дырэктар Агенцтва лічбавай трансфармацыі Сяргей Руднеў і дырэктар ЦНДІАІАЗ Міністэрства аховы здароўя Расіі доктар медыцынскіх навук, прафесар Вольга Кабякова.
Дакумент закладвае аснову для сумеснай работы ў сферы стандартызацыі і гарманізацыі нарматыўна-даведачнай інфармацыі аховы здароўя Саюзнай дзяржавы. Бакі плануюць аб’яднаць намаганні для рэалізацыі двухбаковых лічбавых праектаў, а таксама актыўна ўзаемадзейнічаць у рамках навукова-практычных і экспертных мерапрыемстваў.
«Для Агенцтва лічбавай трансфармацыі партнёрства з ЦНДІАІАЗ Міністэрства аховы здароўя Расіі — стратэгічны крок. Мы ствараем фундамент лічбавай аховы здароўя Беларусі, і аб’яднанне нашага практычнага ІТ-вопыту з метадалагічнай экспертызай расійскіх калег дасць магчымасць умацаваць тэхналагічнае ўзаемадзеянне паміж краінамі. Сумесная работа над адзінымі стандартамі і нарматыўна-даведачнай інфармацыяй — гэта не проста тэхнічная інтэграцыя, а магчымасць павысіць эфектыўнасць медыцынскіх сэрвісаў для ўрачоў і пацыентаў Саюзнай дзяржавы», — адзначыў Сяргей Руднеў.
Вольга Кабякова падкрэсліла, што супрацоўніцтва паміж краінамі ў сферы лічбавізацыі аховы здароўя паспяхова развіваецца ўжо больш за дзесяць гадоў, перайшоўшы ад асобных мерапрыемстваў да пастаяннага і глыбокага экспертнага ўзаемадзеяння. «Падпісанне пагаднення з Агенцтвам лічбавай трансфармацыі — лагічны і вельмі важны практычны крок. Сінхранізацыя стандартаў, гарманізацыя даведнікаў, адзіны дакументаабарот і тэхналогіі штучнага інтэлекту — усё гэта не проста тэхнічныя задачы. Гэта фундамент для выбудоўвання адзінай даверанай прасторы медыцынскіх даных. Наша галоўная мэта — зрабіць так, каб ІТ-рашэнні працавалі на апярэджанне, дапамагалі ўрачам і непасрэдна павышалі якасць аховы здароўя грамадзян Саюзнай дзяржавы», — сказала яна.
Падпісанне пагаднення на пляцоўцы такога высокага ўзроўню падкрэслівае стратэгічную важнасць інтэграцыйных працэсаў у ІТ-сферы паміж Беларуссю і Расіяй, дадалі ў прэс-службе.




