Ансамбль народнага танца «Радасць» пазнаёміў Стамбул з традыцыямі і культурай Беларусі
Фота Генконсульства Беларусі ў Стамбуле 19 ліпеня, Мінск . Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі ансамбль народнага танца «Радасць» пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Анатоля Вараб’ёва прадставіў у Стамбуле канцэртную праграму «Святы і абрады беларусаў», паведамілі БЕЛТА ў Генеральным консульстве Беларусі ў Стамбуле.
Яркае выступленне, якое адбылося 17 ліпеня, пазнаёміла гледачоў з багаццем беларускай народнай культуры, традыцыямі, музыкай і самабытнай харэаграфіяй.
Генеральны консул Беларусі ў Стамбуле Яўгенія Барткевіч адзначыла асаблівую значнасць культурнай дыпламатыі, умацавання гуманітарных сувязей і папулярызацыі беларускага нацыянальнага мастацтва за мяжой, падкрэсліўшы, што такія мерапрыемствы садзейнічаюць збліжэнню народаў Беларусі і Турцыі і ствараюць атмасферу дружбы і ўзаемаразумення.
Выступленне ансамбля народнага танца выклікала вялікі водгук у публікі. Гледачы цёпла сустракалі артыстаў, падтрымлівалі кожны нумар апладысментамі і са шчырай цікавасцю знаёміліся з беларускімі песеннымі і танцавальнымі традыцыямі.
Ансамбль народнага танца «Радасць» таксама прыняў удзел у міжнародным конкурсе World Folk Dance Competition, дзе прадставіў Беларусь на сусветнай сцэне, дастойна прадэманстраваўшы высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства і багацце нацыянальнай культуры.






