Петрышэнка: гістарычная праўда аб ВАВ павінна быць у генным кодзе кожнага жыхара СНД
Ігар Петрышэнка. Фота з архіва 22 чэрвеня, Мінск . Гістарычная праўда аб Вялікай Айчыннай вайне павінна быць у генным кодзе кожнага жыхара СНД. Аб гэтым заявіў першы намеснік генеральнага сакратара СНД Ігар Петрышэнка перад ускладаннем кветак членамі Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў — удзельніц Садружнасці пры статутных і іншых органах Садружнасці і кіраўніцтвам Выканаўчага камітэта СНД да манумента «Брама памяці» ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец»,
«22 чэрвеня 1941 года — трагічная дата ў нашай гісторыі. Гэта была самая страшная вайна, якую вытрымала чалавецтва, а асноўны ўдар, беды, слёзы, кроў гэтай вайны вынес на сабе Савецкі Саюз», — адзначыў Ігар Петрышэнка.
Ён падкрэсліў, што ў Беларусі 22 чэрвеня — Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. І прадстаўнікі Савета пастаянных прадстаўнікоў краін СНД і Выканаўчага камітэта СНД наведалі месцы пахаванняў загінулых у гады ВАВ. Удзельнікі таксама ўсклалі кветкі да манумента «Брама памяці» ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец», да мемарыяльнай пліты ва ўрочышчы Благаўшчына.
«Тут, у Трасцянцы, фашысты знішчалі не толькі нашых людзей (партызан, падпольшчыкаў, чырвонаармейцаў, мірных грамадзян), але і звозілі з Еўропы вялікую колькасць людзей на гэту фабрыку смерці. Паводле папярэдніх, дадаткова ўдакладненых даных, больш як 546 тыс. чалавек былі знішчаны на гэтай зямлі фашыстамі, — сказаў Ігар Петрышэнка. — Знаходзячыся тут цяперашнія і будучыя пакаленні, павінны памятаць (падзеі Вялікай Айчыннай вайны. — Заўвага БЕЛТА), каб ніколі не дапусціць тых жахаў, якія ўчынялі фашысты на нашай зямлі. Гэта перасцярога ўсяму чалавецтву — мір няўстойлівы і яго трэба берагчы».
Ігар Петрышэнка перакананы, што ніякай перавазе адной расы над іншай не павінна быць месца. «І гістарычная праўда, за якую мы змагаемся, змагаліся і будзем змагацца, яна павінна быць у генным кодзе кожнага грамадзяніна Беларусі і кожнага грамадзяніна Садружнасці Незалежных Дзяржаў. І, знаходзячыся тут, ты яшчэ больш усведамляеш цану мірнаму небу і светламу сонцу», — сказаў на заканчэнне ён.






