Прэм’ера легендарнага хіта «Песняроў» «Малітва» адбылася на трэцім «Славянскім базары»
Фота з архіва 13 чэрвеня, Мінск . Прэм’ера легендарнага хіта «Малітва» ансамбля «Песняры» адбылася на трэцім фестывалі мастацтваў «Славянскі базар», які прайшоў у Віцебску з 18 па 26 ліпеня 1994 года. Аб гэтым расказала музыказнавец Вольга Брылон.
У час «Славянскага базару» адбыўся юбілейны канцэрт, прысвечаны 25-годдзю славутага беларускага ансамбля «Песняры». Даніну павагі карыфеям беларускай эстрады была выказана Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у прывітальным пасланні. Шмат віншаванняў прыйшло ад зорак эстрады з розных краін.
«Праграма стваралася сумесна з Дзяржаўным камерным хорам Беларусі і Дзяржаўным фальклорна-харэаграфічным ансамблем «Харошкі». У грандыёзным юбілейным канцэрце «Песняроў» прынялі ўдзел зоркі савецкай эстрады, а таксама ветэраны ансамбля. У пачатку канцэрта «Песняры» паказалі новую праграму «Голас душы», у якой не было скразнога сюжэта, затое прагучала некалькі прэм’ер. Сярод іх — «Чырвоная ружа», «Христос воскрес» і, вядома ж, «Малітва», — адзначыла Вольга Брылон.
Гэта песня, напісаная кампазітарам Алегам Молчанам на вершы Янкі Купалы, стала візітнай карткай «Песняроў» і духоўным гімнам беларускага народа.
Загадчыца трупы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі» Валянціна Гехт тады таксама ўдзельнічала канцэрце. Паводле яе слоў, Валянціна Гаявая, якая кіравала ансамблем 50 гадоў, сябравала з Уладзімірам Мулявіным, таму калектывам не раз даводзілася разам прымаць удзел у розных канцэртах. «Атрымалася памятна, прыгожа, цікава і маштабна. З «Песнярамі» было вельмі прыемна працаваць. Потым мы з’ездзілі і ў Маскву, дзе таксама прайшоў сольны канцэрт, прысвечаны 25-годдзю», — падзялілася яна ўспамінамі.
Уладзімір Мулявін
У 1994 годзе «Славянскі базар» сабраў артыстаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Балгарыі, Грузіі, Казахстана, Літвы, Македоніі, Малдовы, Польшчы, Сербіі, Славакіі, ЗША, Турцыі і Францыі. 11 фестывальных канцэртаў прайшлі ў Летнім амфітэатры, а 10 — у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, 8 канцэртаў адбыліся на «Дыска-базары» і столькі ж канцэртаў — на сцэне, устаноўленай на плошчы Свабоды.
Тады заснавальнікі фестывалю аб’ядналіся ў Міжнародную карпарацыю «Славянскі базар». Яе вышэйшым органам стаў Прэзідэнцкі савет.
Упершыню прайшлі Дні балгарскай і польскай культур. 21 ліпеня быў падпісаны дагавор аб культурным супрацоўніцтве паміж Міністэрствам культуры Польшчы і Міністэрствам культуры і друку Беларусі. Таксама першы раз адбылася творчая сустрэча фальклорных калектываў з Беларусі, Расіі і Украіны. На гала-канцэрце «Зоркі славянскай эстрады» было выбрана журы конкурсу маладых выканаўцаў.
Акрамя таго, у Віцебску быў адкрыты помнік вядомаму беларускаму пісьменніку Уладзіміру Караткевічу. У Музеі Марка Шагала прайшла выстава, прысвечаная першаму Міжнароднаму Шагалаўскаму пленэру, а ў Абласным краязнаўчым музеі — выстава, прымеркаваная да 50-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама выстава работ мастака Уладзіміра Шапо.
Фота БЕЛТА, fest-sbv.gck.by






