Здаровы лад жыцця, сямейныя каштоўнасці, свята ў розных кутках краіны. Пяткевіч пра значэнне «Вытокаў»
6 чэрвеня, Светлагорск . Спартыўна-культурны фестываль «Вытокi» мае шматфункцыянальнае значэнне. Гэта падкрэсліла намеснік прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч у размове з журналістамі на адкрыцці «Вытокаў» і маштабнага алімпійскага квеста ў Светлагорску,
«Вытокi» маюць шматфункцыянальнае значэнне. Па-першае, гэта фарміраванне ў маладога пакалення пэўнага стылю, ладу жыцця. Вельмі важна фарміраваць мадэль і стыль жыцця з самых першых гадоў, і (фарміраваць думку аб тым, што дбаць. — Заўвага БЕЛТА) трэба пра здароўе», — адзначыла намеснік прэм’ер-міністра.



Яна звярнула ўвагу, што кіраўнік дзяржавы неаднаразова гаворыць аб тым, што здароўе — гэта не бальніца. «Здароўе — гэта тое, што мы даём самі сабе. Гэта здаровы лад жыцця, фізкультура, спорт і гэтак далей. І вельмі здорава, калі кожны чалавек будзе разумець, што трэба падтрымліваць свой фізічны стан. «Вытокi» да гэтага прывучаюць», — упэўнена Наталля Пяткевіч.


Другое важнае значэнне спартыўна-культурнага фестывалю, на яе думку, — у папулярызацыі сямейных каштоўнасцей, сямейных традыцый. «Бо сюды прыходзяць сем’ямі. Гэта мадэль паводзін, якая таксама ў хлопчыкаў і дзяўчынак закладваецца з ранніх гадоў: ты з сям’ёй прыходзіш і праводзіш сумесна час з карысцю», — растлумачыла віцэ-прэм’ер.

І трэці важны момант фестывалю ў тым, што праводзіцца ён у невялікіх гарадах, дадала Наталля Пяткевіч. «Гэта значыць, свята прыходзіць. І заўсёды Нацыянальны алімпійскі камітэт дорыць падарункі маленькім гарадам. Фестываль — гэта заўсёды свята», — рэзюмавала яна.
У Светлагорску 6 чэрвеня на старт маштабнага алімпійскага квеста выйшлі сотні дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў. Яны праходзяць выпрабаванні на больш як 30 спартыўных лакацыях. І нават дождж для іх не перашкода.

Светлагорск прымае «Вытокі» з 4 па 6 чэрвеня. У праграме другога дня, акрамя алімпійскага квеста, — выступленне папулярных кавер-бэндаў, вялікі канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады і маляўнічы феерверк.










Спартыўна-культурнае свята «Вытокi» ўпершыню прайшло ў 2021 годзе. За гэты час у ім прынялі ўдзел сотні тысяч чалавек. Арганізатары фестывалю — Нацыянальны алімпійскі камітэт, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Гомельскі аблвыканкам, а таксама арганізацыі «АртХаос» і «БелБрэндАўдыт».





