Беларусь вывучыць кітайскія падыходы да ацэнкі эфектыўнасці работы мясцовай улады — Пярцоў
Уладзімір Пярцоў 27 лістапада, Мінск . Беларусь мае намер вывучыць і адаптаваць да сваёй сістэмы дзяржаўнага кіравання кітайскія падыходы да ацэнкі эфектыўнасці работы мясцовай выканаўчай улады. Аб гэтым журналістам расказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Пярцоў на палях міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Дзяржаўнае кіраванне і эканамічная палітыка ва ўмовах глабальных і рэгіянальных выклікаў» у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце,
«Мы паспрабуем, па-першае, вывучыць кітайскі вопыт дзяржаўнага кіравання, вывучыць падыходы ацэнкі эфектыўнасці работы мясцовай выканаўчай улады. Мы паспрабуем трансфармаваць гэтыя падыходы ў дачыненні да нашай сістэмы дзяржаўнага кіравання. Нам ёсць чаму павучыцца, нам ёсць што пераняць», — адзначыў Уладзімір Пярцоў.
Ён звярнуў увагу на імклівае развіццё Кітая ў эканоміцы, сельскай гаспадарцы, высокіх тэхналогіях, сацыяльнай сферы і гарантаванні бяспекі. На яго думку, дасягнутыя вынікі пацвярджаюць эфектыўнасць кітайскай мадэлі кіравання. «Кантралюючая роля Камуністычнай партыі дзейсная ў ацэнцы эфектыўнасці работы кіраўнікоў канкрэтных рэгіёнаў і прадпрыемстваў», — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Уладзімір Пярцоў падкрэсліў, што Беларусь пры фарміраванні нацыянальнай мадэлі дзяржаўнага кіравання, як і Кітай, выбрала эвалюцыйны шлях, абапіраючыся на ўласныя традыцыі і гістарычны вопыт. «Нягледзячы на назапашаны ў Рэспубліцы Беларусь вопыт дзяржаўнага будаўніцтва, мы адкрыты да новых ідэй і лепшых практык іншых краін у гэтай сферы, у першую чаргу дружалюбнага нам Кітая», — сказаў ён.
Абмен вопытам дасць магчымасць удзельнікам канферэнцыі вызначыць новыя напрамкі ўдасканалення сістэм дзяржаўнага кіравання дзвюх краін.
Пасля пленарнага пасяджэння прайшлі двухбаковыя перагаворы, на якіх абмеркавалі практычную рэалізацыю прапановы аб стварэнні беларуска-кітайскага цэнтра ў сферы дзяржаўнага кіравання. У прыватнасці, плануецца вывучыць магчымасці прымянення кітайскага вопыту ўзаемадзеяння партыйных камітэтаў і выканаўчых камітэтаў на месцах.
Фота Мікалая Пятрова





