У МНС папярэдзілі аб фактарах небяспекі пры галалёдзіцы
Фота з архіва 26 лістапада, Мінск . Галалёдзіца чакаецца сёння на асобных участках дарог Беларусі. У МНС папярэдзілі аб магчымых фактарах небяспекі пры такіх умовах надвор’я, .
Галалёдзіца можа прывесці да пашкоджання (абрыву) ліній сувязі і электраперадач, цяжкасці руху транспарту, павелічэння верагоднасці ўзнікнення дарожна-транспартных здарэнняў, рызыкі траўматызму насельніцтва.
Каб пазбегнуць падзенняў і траўм, ратавальнікі рэкамендуюць выбіраць абутак з няслізкай падэшвай, адмовіцца ад высокіх абцасаў і глядзець пад ногі. Ісці па лёдзе трэба павольна, як бы слізгаючы, наступаючы на ўсю падэшву і злёгку сагнуўшы ногі ў каленях. Па магчымасці рукі павінны заставацца свабоднымі: не трэба трымаць іх у кішэнях або несці цяжкія сумкі.
Пешаходам раяць абыходзіць участкі з пакатай паверхняй, карыстацца поручнямі на лесвіцах і выбіраць дарожкі, пасыпаныя пяском. Пры пераходзе праезнай часткі нельга спяшацца ці бегчы. Таксама важна не падыходзіць блізка да транспарту, які рухаецца.
Калі чалавек паслізнуўся, яму трэба прысесці, каб зменшыць вышыню падзення, а ў момант падзення паспрабаваць згрупавацца і змякчыць удар. Пасля гэтага не трэба спяшацца ўставаць: спачатку неабходна пераканацца, што няма траўм, і пры неабходнасці папрасіць прахожых аб дапамозе.
Асабліва небяспечныя падзенні на спіну, патыліцай уніз: яны могуць прывесці да страсення мазгоў. Пры атрыманні траўмы неабходна звярнуцца па медыцынскую дапамогу.






