«Літвіновіч — лепшы ў свеце нават з траўмай». Каманду па скачках на батуце ўзнагародзілі ў Мінспорту
Міністр спорту Сяргей Кавальчук і Іван Літвіновіч. Фота Міністэрства спорту 12 лістапада, Мінск . У Міністэрстве спорту адбылося ўрачыстае ўшаноўванне батутыстаў, якія заваявалі шэсць медалёў на чэмпіянаце свету ў Нанкіне,
Ганаровымі граматамі Мінспорту былі ўзнагароджаны чэмпіёны свету Іван Літвіновіч, Андрэй Буйлоў, Станіслаў Яскевіч, Іван Мельнікаў, Кацярына Яршова і галоўны трэнер нацыянальнай каманды Вольга Уласава. Граматы Мінспорту атрымалі прызёры ЧС Віялета Бардзілоўская, Яна Лебедзева і Злата Мініяхметава.
«Гэта было не проста паспяховае, а феерычнае выступленне. З сямі залатых узнагарод тры паехалі ў Беларусь, як і амаль трэць медалёў з агульнай колькасці, — сказаў міністр спорту Сяргей Кавальчук. — Асабліва каштоўнымі гэтыя ўзнагароды робіць той факт, што яны былі здабыты ў Кітаі, які разам з намі з’яўляецца сусветным лідарам у гэтым відзе спорту».
Іван Літвіновіч стаў першым за 30 гадоў чэмпіёнам свету ў індывідуальных скачках з Беларусі. Двухразовы алімпійскі чэмпіён выступаў у Нанкіне з пераломам кісці. За адзін год Іван сабраў усе кар’ерныя дасягненні, якіх не хапала, у красавіку ў Партугаліі ўзяў асабістае золата кантынентальнага форуму.
«Выйграць чэмпіянат свету нават складаней, чым Алімпіяду. На Гульнях пасля кваліфікацыі адразу ідзе фінал, а на сусветным форуме ёсць яшчэ і паўфінал, гэта значыць паказваць сваю праграму на найвышэйшым узроўні трэба часцей, — падкрэсліла Вольга Уласава. — Прынялі з Іванам рашэнне выступаць з траўмай. Мы разумелі, што нават у такім стане ён будзе лепшы за сапернікаў».
«Вельмі прыемна ўвага дзяржавы. Гэта выгадна для абодвух бакоў: падтрымка стымулюе нас, а мы радуем краіну перамогамі, — адзначыў Літвіновіч. — У нас выдатная атмасфера ў камандзе і адэкватная канкурэнцыя. Усе стараюцца абыграць адзін аднаго, гэта здорава. Хачу прадаўжаць даказваць свой узровень і перамагаць, у наступным сезоне буду ўскладняць праграмы».
На этапах Кубка свету па скачках на батуце 2027 года стартуе адбор на Алімпійскія гульні ў Лос-Анджэлесе. Галоўным стартам будучага сезона стане планетарны форум у Балгарыі, які пройдзе ў лістападзе.
Фота Сяргея Шэлега, Мінспорту






