Каля 10 тыс. гледачоў наведалі кінапаказы «Лістапада» ў Мінску
Фота з архіва 6 лістапада, Мінск . Кінапаказы XXXII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» наведалі каля 10 тыс. гледачоў. Аб гэтым журналістам паведаміў генеральны дырэктар УП «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама Уладзімір Карачэўскі,
«Фестываль патрэбны гледачам. Яны прыходзілі не толькі ў выхадныя дні і на самыя раскручаныя праекты, але і на фільмы ўсіх жанраў — і маладое, і дакументальнае, і ігравое, і нацыянальнае кіно. Усе конкурсныя праграмы мелі аўдыторыю гледачоў розных узростаў. У гэтым годзе каля 10 тыс. гледачоў наведалі 82 кінапаказы ў Мінску», — сказаў Уладзімір Карачэўскі.
Ён упэўнены, што частку фільмаў з фестывальнай праграмы пакажуць у шырокім пракаце. Праект «Рэха «Лістапада» павінен пачацца ў лютым, таму тыя, хто не паспеў убачыць некаторыя фільмы фестывалю, змогуць убачыць іх пазней.
«Лістапад» даў кінапракату новыя кантакты і геаграфію фільмаў, якія пакажуць у сталічных кінатэатрах у будучым. Спадзяюся, нашы сябры стануць пастаяннымі партнёрамі. Я ўдзячны за тое, што вы з такой цеплынёй адзываецеся аб нашай краіне», — звярнуўся Уладзімір Карачэўскі да ўдзельнікаў фестывалю.
Генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Дзмітрый Сямёнаў падзякаваў за работу праграмным дырэктарам і членам журы фестывалю. «Праграма была вельмі насычаная і разнастайная. Усюды поўныя залы, што нас як арганізатараў вельмі радуе. Гэта сведчыць аб тым, што цікавасць да фестывалю ёсць як з боку ўдзельнікаў, так і гледачоў. Мы чакаем з нецярпеннем урачыстага вечара закрыцця, калі будуць агучаны ўсе вынікі работы. Паколькі кінастудыя «Беларусьфільм» прымала ўдзел у конкурсных праграмах, таксама чакаем іх з нецярпеннем і хваляваннем,» — сказаў ён.
На думку старшыні журы асноўнага конкурсу ігравых фільмаў народнага артыста Беларусі Аляксандра Яфрэмава, работы, прадстаўленыя ў конкурснай праграме, звязваюць агульныя каштоўнасці. «Мы з калегамі працавалі з задавальненнем. У праграме былі карціны рознага ўзроўню. Але мяне парадавала, што практычна ўсе фільмы расказвалі аб нашых культурных, духоўных і сямейных каштоўнасцях. Гэтыя аўтары заняты тым жа, чым і мы сёння, — захаваннем уласнай ідэнтычнасці, уласных уяўленняў аб тым, якімі павінны быць і заставацца ў нашым сучасным свеце. Гэта найбольш яскрава характарызавала нашу праграму,» — адзначыў Аляксандр Яфрэмаў.
Уражаннямі ад фестывалю падзяліўся народны артыст Расіі Мікалай Бурляеў. «Выступаю ў гэтым годзе на фестывалі ў некалькіх асобах. Па-першае, вельмі рад, што я ўдзельнік конкурснай праграмы дакументальнага кіно са сваім фільмам «Фрагменты Божага мастацтва». Я зняў дакументальна-мастацкі фільм, бо лічу, што кіно павінна быць паэтычным і глыбокім. Я прысутнічаю тут і як старшыня Камісіі па культуры Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. І трэцяе — я адзін са стваральнікаў фестывалю. Мы закладвалі ў яго духоўную аснову і спадзяваліся, што фестываль будзе жыць пад дэвізам «За маральныя ідэалы, за ўзвышэнне душы чалавека». 10 тыс. гледачоў прыйшлі на фестывальныя сеансы — гэта цудоўна», — падкрэсліў ён.
Мікалай Бурляеў падарыў Дзмітрыю Сямёнаву электронную копію свайго рэжысёрскага фільма «Усё наперадзе», знятага ў 1991 годзе на нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». «Мы перадаём у дар кінастудыі электронную копію фільма з бестэрміновым правам прадстаўляць яго ў беларускім і замежным кінапракаце, на тэлебачанні і іншых відах візуальнага распаўсюджвання», — дадаў ён.






