У Беларусі значны патэнцыял у вытворчасці прадуктаў для здаровага харчавання — Качанава
8 кастрычніка, Гарадзея . Вытворчасці прадуктаў для здаровага харчавання ў Беларусі ўдзяляецца значная ўвага. Аб гэтым заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на выязным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі, якое прайшло на базе ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат»,
Наталля Качанава адзначыла, што айчынная прадукцыя вядома далёка за межамі Беларусі. «Да якасці прад’яўляюцца самыя сур’ёзныя патрабаванні. Прадукты для здаровага харчавання ў нас выпускаюцца, і мы павінны зрабіць так, каб чалавек лёгка мог знайсці іх на паліцы любога магазіна», — сказала яна.
Фундаментальныя дзяржаўныя арыенціры — клопат пра чалавека, яго дабрабыт, нагадала спікер. «Харчовую бяспеку дзяржавы мы забяспечылі поўнасцю. Наш стратэгічны прыярытэт — здароўе нацыі і паўнацэннае даўгалецце», — падкрэсліла Наталля Качанава.
У краіне, паводле яе слоў, сфарміравана нарматыўная база, дзейнічаюць прэферэнцыі для вытворцаў арганічнай прадукцыі. З бюджэту выдзяляюцца сродкі на арганізацыю харчавання ў школах, дзіцячых садах і бальніцах. Ад кіраўнікоў на месцах патрабуецца гаспадарскі падыход — карысная беларуская прадукцыя, ад дыетычных рацыёнаў да натуральных сокаў, павінна прысутнічаць ва ўсіх гандлёвых сетках і ўстановах сацсферы.
«Пытанне вельмі актуальнае. Да яго не раз вяртаўся Прэзідэнт, выступаючы з пасланнем да народа і парламента, — адзначыла Наталля Качанава па выніках выязнога пасяджэння. — Прынята даволі шмат нарматыўных прававых актаў, у тым ліку па тэме арганічнай вытворчасці. Але разам з тым ёсць яшчэ шэраг праблем, якія сёння і пастараліся вывучыць больш дэталёва. Некаторыя прадукты харчавання патрэбны людзям з пэўнымі захворваннямі. Неабходны яны і тым, хто проста хоча весці здаровы лад жыцця».
У ліку прыярытэтных напрамкаў выдзелены ўдасканаленне падыходаў да харчавання дзяцей, больш шырокае інфармаванне насельніцтва аб выпускаемых у краіне прадуктах для здаровага харчавання, іх прадстаўленасць у гандлі. «Мы ўжо дасягнулі значных вынікаў, але можам стаць на прыступку вышэй, пашырыўшы лінейку прадуктаў для здаровага харчавання», — падкрэсліла Наталля Качанава.
На пасяджэнні Прэзідыума выступілі прадстаўнікі Мінсельгасхарча, вучоныя, практыкі. Разглядаліся сусветныя тэндэнцыі ў гэтай сферы, работа беларускіх прадпрыемстваў, механізмы папулярызацыі нацыянальных брэндаў. Наталля Качанава падтрымала ініцыятыву аб фарміраванні ў Савеце Рэспублікі пастаяннай рабочай групы, якая будзе арыентавана на актуалізацыю нарматыўнай прававой базы, збліжэнне галіновых стандартаў і стварэнне аптымальных умоў для прысутнасці беларускай прадукцыі для здаровага харчавання на ўнутраным рынку.

На Гарадзейскім цукровым камбінаце выбудавана глыбокая перапрацоўка айчыннай сыравіны з акцэнтам на чысты склад — ад выпуску сокаў, павідла і напаўняльнікаў без цукру да стварэння кампанентаў для малочнай галіны і выкарыстання тэхналогій безадходнага цыкла. Таксама была прадстаўлена экспазіцыя навінак ад айчынных вытворцаў. 
Пасля пасяджэння старшыня Савета Рэспублікі сустрэлася з калектывам камбіната.
Фота Сяргея Шэлега



