Грамадства

Дзе сцены гавораць, а камяні памятаюць. Да 55-годдзя з дня адкрыцця мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» 

У гэтым годзе спаўняецца 55 гадоў з дня адкрыцця мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Легендарная цытадэль над Бугам, якая стала ў чэрвені 1941 года апорай супраціўлення нямецка-фашысцкім захопнікам, сёння з’яўляецца сімвалам няскоранага духу, стойкасці і гераізму савецкіх воінаў. За мінулыя дзесяцігоддзі мемарыяльны комплекс стаў сусветна вядомым цэнтрам захавання гістарычнай праўды і патрыятычнага выхавання.
Савецкія войскі ў Брэсцкай крэпасці, 1944 год Баі за Брэст, 1944 год У вызваленым Брэсце, 1944 год Урачыстае адкрыццё комплексу адбылося 25 верасня 1971 года. У ім прынялі ўдзел больш як 600 ветэранаў Брэсцкага гарнізона 1941 года, у тым ліку абаронцы крэпасці, члены сем’яў загінулых. У гэты ж дзень быў запалены Вечны агонь. Пад’ём 100-метровага штык-абеліска ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», чэрвень 1971 года Ветэраны ў дзень адкрыцця мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», верасень 1971 года Пётр Міронавіч Машэраў запальвае Вечны агонь мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», верасень 1971 года
Комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» увекавечвае подзвіг яе абаронцаў у час гераічнай абароны ў чэрвені — ліпені 1941 года. У першыя гадзіны вайны гарнізон аказаўся адрэзаны ад асноўных часцей Чырвонай Арміі, але аказаў жорсткае супраціўленне перавышаючым сілам праціўніка. Абарона прадаўжалася каля месяца ва ўмовах поўнага акружэння, няхваткі боепрыпасаў, прадуктаў харчавання і вады. Стойкасць абаронцаў крэпасці стала адным з першых сімвалаў будучай Перамогі.
Мемарыяльны комплекс — адзін з найбольш пазнаваемых і наведваемых турыстычных аб’ектаў Беларусі. Пабудаваная як ваенны аб’ект, перажыўшы пажары сусветных войнаў, сёння крэпасць застаецца месцам памяці і міру. У адзіным ансамблі тут аб’яднаны месцы баёў, руіны, уцалелыя збудаванні крэпасці, скульптурныя кампазіцыі і музейныя экспазіцыі. Цяпер мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» і комплекс фартыфікацыйных збудаванняў Брэсцкай крэпасці ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
У легендарнай цытадэлі над Бугам за многія гады пабывалі прадстаўнікі ўсіх кантынентаў, за выключэннем Антарктыды. У 2026 годзе ў Брэсцкай крэпасці прынялі прадстаўнікоў каля 40 краін, 4 верасня там сустрэлі 29-мільённага наведвальніка. Брэсцкая крэпасць многія гады застаецца месцам прыцяжэння ўсіх, каму дарагая памяць аб подзвігу абаронцаў Айчыны.
Над стварэннем мемарыяльнага комплексу працаваў творчы калектыў на чале з народным мастаком СССР скульптарам Аляксандрам Кібальнікавым. Будаўніцтва пачалося 8 мая 1968 года. Паралельна вяліся маштабныя работы па кансервацыі ўцалелых руін абарончых збудаванняў, казармаў і іншых пабудоў, якія ў далейшым сталі неад’емнай часткай мемарыяла.

Кожны кампазіцыйны элемент архітэктурна-мастацкага ансамбля нясе вялікую сэнсавую нагрузку і аказвае моцнае эмацыянальнае ўздзеянне.
Галоўны ўваход Брэсцкай крэпасці ўяўляе сабой манументальную арку, выкананую ў выглядзе вялізнай пяціканцовай зоркі, высечанай у бетонным блоку. Канструкцыя падтрымліваецца адкосам крапаснога вала. Сцены прахода абліцаваны паліраваным цёмным гранітам, які кантрастуе з выступаючымі ў праёме руінамі казематаў. Такое архітэктурнае рашэнне прызначана стварыць глыбокі зрокавы і эмацыянальна-псіхалагічны эфект у кожнага, хто пераступае мяжу цытадэлі.
Кампазіцыйным цэнтрам ансамбля з’яўляецца манумент «Мужнасць» — абагульнены вобраз воіна-пераможцы і сцяга. Гэта вялізная па сваіх памерах скульптура, якая складаецца з 200 частак. Штык-абеліск, вышынёй 104,5 метра, бачны з любой кропкі крэпасці і звязаны з асноўным манументам «Мужнасць» трыма радамі надмагільных пліт. На тыльным баку манумента размешчаны барэльефы, якія адлюстроўваюць эпізоды абароны крэпасці ў 1941 годзе.
Побач з руінамі былога Інжынернага ўпраўлення гарыць Вечны агонь. Недалёка ад яго размешчана мемарыяльная пляцоўка гарадоў-герояў Савецкага Саюза. Пад гранітнымі плітамі з выявай медаля «Залатая Зорка» ўстаноўлены капсулы з зямлёй гарадоў-герояў.
На левым беразе рукава ракі Мухавец размешчана скульптурная кампазіцыя «Смага» — фігура савецкага салдата, які, абапіраючыся на кулямёт, з каскай у руцэ цягнецца да вады. Адной з самых драматычных старонак у гісторыі абароны цытадэлі стала катастрафічная няхватка вады. Водаправод быў выведзены са строю ў першы дзень вайны, а анамальна гарачае лета 1941 года, удушлівыя клубы дыму і парахавы гар толькі пагаршалі становішча абаронцаў. Подступы да вады абстрэльваліся, а па начах берагі асвятлялі пражэктары. Шмат байцоў і камандзіраў загінулі, спрабуючы здабыць каштоўныя кроплі. Пасля вайны на берагах рэк знаходзілі прабітыя каскі, біклажкі, кубкі і астанкі загінулых. Стваральнікі мемарыяла, ведаючы аб гэтай трагедыі, вырашылі расказаць пра яе на мове скульптуры.
Ва ўсходняй частцы цытадэлі, на паўднёвы ўсход ад музея абароны, захаваліся фрагменты аднаго з апошніх мураваных будынкаў старога Брэст-Літоўска, разбуранага месцамі да ўзроўню фундамента. Побач размешчана плошча Цырыманіялаў з трох’ярусным некропалем, дзе пахаваны астанкі байцоў, камандзіраў Чырвонай Арміі і членаў іх сем’яў.
22 чэрвеня 2011 года была ўрачыста адкрыта скульптурная кампазіцыя «Героям граніцы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёй у неўміручасць зрабілі крок». Пляцоўкай для скульптуры выбрана месца каля Цярэспальскай брамы, дзе пад камандаваннем начальніка 9-й пагранзаставы лейтэнанта А.Кіжаватава стаялі насмерць пагранічнікі.
У студзені 2021 года калектыў мемарыяла атрымаў дыплом лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва за значны ўклад у захаванне гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, рэалізацыю праекта Саюзнай дзяржавы «Капітальны рамонт, рэстаўрацыя і музеефікацыя збудаванняў Брэсцкай крэпасці ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» (2018-2020). У верасні таго ж года мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» быў удастоены ордэна Францыска Скарыны. Подзвіг абаронцаў легендарнай цытадэлі непадуладны часу. Сёння, як і больш за паўстагоддзя таму, мемарыял прадаўжае выконваць сваю свяшчэнную місію — упэўнена і цвёрда стаяць на варце праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, перадаючы сцяг памяці будучым пакаленням. Атмасфера гэтага месца стала вечным напамінам аб цане міру, урокам, які чалавецтва абавязана памятаць заўсёды. 

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»