«Ты адным днём усё перавярнула». Як шматдзетная маці стварыла аўтарскую экасістэму ўражанняў
Сям’я Аляксея і Святланы Лагашыных — жывы прыклад паспяховасці, які хочацца капіраваць. Да іх едуць за парадай, паразмаўляць і адчуць тое, што ўсё ў нашым жыцці магчыма. Даведаліся, як удаецца сумяшчаць шматдзетнасць, сельскі бізнес і быць шчаслівымі ў моманце.
Сям’я Лагашыных вядома не толькі на Міншчыне — пра іх ведаюць па ўсёй краіне. Ледзь яны пераехалі з Мінска на Валожыншчыну, як мясцовыя ўлады сталі матываваць іх да ўдзелу ў конкурсах, мерапрыемствах. На першым паверсе дома адна са сцен — нібы дошка гонару: тут сабраны граматы і падзякі. Сярод галоўных дасягненняў — званне «Лепшая сям’я года Міншчыны» ў 2024 годзе, трэцяе месца на рэспубліканскім узроўні, перамога ў конкурсе «Вёска маладая» і ўдзел у фестывалі «Беларусь — мая песня». А з самых свежых узнагарод Святланы — дыплом «Прарыў года».
Муж і жонка разам ужо 17 гадоў, а глядзяць адзін на аднаго па-ранейшаму з любоўю, жартуюць, смяюцца. У Аляксея і Святланы пяцёра дзяцей: Іван, Аляксандра, Міхаіл, Андрэй і Павел. Прызнаюцца, што пра вялікую сям’ю марылі абодва. Святлана сама са шматдзетнай сям’і. Першыя чатыры гады шлюбу зацяжарыць не атрымлівалася, хоць урачы гаварылі, што ўсё ў парадку.
«Відаць, трэба было спачатку нам кар’еру пабудаваць», — робіць выснову Святлана. А потым здарылася радасць: кожныя два гады — дзіця. Дзесяць гадоў у дэкрэце. Гучыць вельмі сур’ёзна, але Святлана з усмешкай заўважае, што нагрузка нарастала паступова, і гэта дапамагала адаптавацца. Да першых двух дзяцей яна выбудавала развіваючае асяроддзе, а ўсе наступныя проста ўключаліся ў яго і раслі гарманічна.
Дружная сям’я Лагашыных, напэўна, не змагла б уладкавацца ў вёсцы з іншай назвай, толькі ў Дружычах.
«Вёска — тэрыторыя без націску, — дзеліцца сваім меркаваннем Святлана. — У горадзе, асабліва з дзецьмі, ты пастаянна спаборнічаеш: у каго якія кубкі, у каго першыя месцы. Дзеці пішчаць ад напружання, так можна адбіць жаданне вучыцца. У вёсцы дзеці самі дабіраюцца да школы і гуляюць на вуліцы, катаюцца на веласіпедах: адзін навучыўся, а другі тут жа за ім паехаў. Развіццё таксама не стаіць на месцы: музычная школа, гурткі — усё даступна, але працэс адбываецца мякчэй, без прэсінгу. Паветра, градкі, свая садавіна — гэта нават не абмяркоўваецца. Сучасная вёска — месца магчымасцей, у тым ліку і для бізнесу».
Сёння Лагашыны не толькі ўладальнікі загараднага дома, але і гаспадары аграсядзібы. Ідэя яе стварэння нарадзілася ў Святланы ў дэкрэце. Захацелася рабіць нешта сваё, тое, да чаго заўсёды ляжала душа. Яшчэ ў дзяцінстве яна заўсёды прыносіла дадому кветкі: дзе ўбачыць нешта прыгожае — сарве, скамбінуе, паставіць у букет.
Назва аграсядзібы доўга не давалася, пакуль не «ўсплыло» слова «піжма». Сонечная, яркая, духмяная кветка. Так і з’явіўся «Піжма Дом».
«Чым глыбей паглыблялася ў філасофію брэнда, тым больш сэнсаў адкрывала ў назве, — прызнаецца гаспадыня аграсядзібы. — У Беларусі піжму раней саджалі каля дамоў: лічылася, што яна адганяе ўсё дрэннае і беражэ сям’ю ад сварак. Кветка-захавальнік. Нават сухая піжма гадамі захоўвае колер і водар».
Яшчэ адзін сімвал знайшоўся ў прыродзе піжмы: яе лісце заўсёды паварочваецца ў адным напрамку. Гэта пакладзена ў аснову ідэі дапамагаць людзям спыніцца, вярнуцца да сябе, навучыцца жыць тут і цяпер. Так нарадзіўся фармат экадзён — прастора цішыні і ўвагі, дзе кожны можа пачуць свой унутраны голас. Святлана спачатку пражыла гэта сама — як маці, якая шукала спосаб перазагрузіцца. Прапусціла цераз сябе кожную прагулку, кожнае практыкаванне і толькі потым стала дзяліцца гэтым з іншымі. Экадзень — цэлая філасофія, у якую ўваходзяць прагулка, абед, творчасць у майстэрні і чайная цырымонія на заканчэнне.
У майстэрні ў гаспадыні «Піжмы Дома» захапляе ўсё: прадуманая прастора, мноства кветак, водар сухацветаў. Усяго сабрана больш за 145 відаў кветак і траў! Святлана сушыць іх сама, нічога не афарбоўвае і не стабілізуе — усё ў натуральным стане.
«Гэта больш, чым проста заработак, — прызнаецца гаспадыня аграсядзібы. — Гэта пра больш тонкую місію: запрасіць як мам, у якіх ад вялікай колькасці абавязкаў па доме і з дзецьмі ўжо галава ідзе кругам, так і ўсіх жанчын, якія стаміліся ад «дасягальніцтва», бегу па крузе. Яны прыязджаюць сюды і пачынаюць адчуваць саміх сябе. Я стварыла «Піжму» на стыку гасціннасці, фларыстыкі і падзей. Шматдзетнасць для мяне — не фон, а рэсурс: яна дапамагае праектаваць падзеі так, каб яны былі цёплымі, жывымі і зваротнымі. Таму наш фармат — гэта не проста «домік на прыродзе», а аўтарская экасістэма ўражанняў, дзе знешні свет, сям’я і творчасць працуюць як адно цэлае. Праект у першую чаргу змяняе чалавека, з боку ўсё выглядяае немагчыма, аднак гэта рэальна. Пяцёра дзяцей, побыт, вёска, градкі, праполка… Але менавіта праект выцягваў мяне. Я перазагружалася праз майстар-класы. Пераставала думаць толькі пра цацкі, мыццё, гатаванне. Калі з пяццю дзецьмі змагла расслабіцца, то і ў іншых атрымаецца».
Так і адбываецца. Госці едуць ад Лагашыных іншымі: у пачатку прагулкі яшчэ скаваныя, а ў канцы дня ўсміхаюцца. Потым вяртаюцца і расказваюць свае гісторыі: «Света, ты адным днём усё перавярнула. Усё наша ўспрыманне аб тым, як можна жыць».
Святлана Лагашына — гераіня нашага праекта «Беларусы ў кадры». Паразмаўлялі з ёю пра шматдзетнасць, магчымасці вёскі, стварэнне свайго праекта.
Святлана КІРСАНАВА,
фота Кацярыны Казловай і з архіва сям’і Лагашыных,
БЕЛТА.
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту






