У зоне паводкі ў Непале выратаваны 117 замежных грамадзян
Скрыншот відэа Anadolu Agency 28 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Як мінімум 117 замежных грамадзян выратаваны ў зоне паводкі ў Непале. Аб гэтым паведамляе The Kathmandu Post.
Паводле даных выдання, сярод выратаваных іншаземцаў — 85 грамадзян Індыі, 16 грамадзян КНР, 9 — Рэспублікі Карэя, два амерыканцы і два італьянцы. Грамадзянства яшчэ трох чалавек пакуль не пацверджана.
Паводле апошніх даных МУС Непала, колькасць загінулых у выніку паводкі ўзрасла да 538 чалавек, прапаўшымі без вестак лічацца 977 чалавек. Акрамя таго, траўмы атрымалі 73 чалавекі, выратавана 3742.
Паводле даных Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, паводка закранула амаль 93 тыс. чалавек.
Афіцыйны прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тарык Яшарэвіч паведаміў, што шэсць медыцынскіх устаноў атрымалі пашкоджанні ў выніку паводкі ў Непале, восем медыцынскіх работнікаў прапалі без вестак.
Моцная паводка ахапіла паўночныя раёны Непала 26 жніўня. Пасля абвалу ледніка вялізны паток камення, ільду, гразі іі абломкаў будынкаў перамясціўся на рачныя сістэмы Гімалайскіх гор. Паводка пранеслася па вёсках і далінах, разбурыўшы электрастанцыі, дарогі і масты ўздоўж маршруту, які злучае Катманду з Лхасам у Тыбеце. Частка найбольш пацярпелых населеных пунктаў аказалася адрэзана ад знешняга свету.-0-





