У Беларусі на трэць вырас біржавы рынак палімераў і хіміі
Фота з архіва 12 кастрычніка, Мінск . Сума біржавых здзелак па закупцы палімераў, палімерных вырабаў і хіміі на ўнутраным рынку за дзевяць месяцаў 2026 года дасягнула 263 млн рублёў. Гэта на 32% больш, чым за аналагічны перыяд 2025 года, паведамілі ў прэс-службе Беларускай універсальнай таварнай біржы.
Найбольшыя аб’ёмы продажаў прыпалі на палімерную плёнку, пластыкавыя кантэйнеры, ПЭТ-прэформы і кальцыніраваную соду. Удзельная вага гэтых пазіцый у агульным тавараабароце дадзенага сегмента біржавога рынку склала 47%. Як адзначылі ў прэс-службе БУТБ, высокая дадатная дынаміка паказчыкаў звязана з пашырэннем кола ўдзельнікаў, якія рэгулярна заключаюць здзелкі, а таксама вывадам на біржавую пляцоўку новых відаў палімернай і хімічнай прадукцыі.
«Рост біржавых продажаў палімераў і хіміі адбыўся на фоне павелічэння пула беларускіх прадпрыемстваў, якія сістэматычна набываюць гэту прадукцыю на біржавых таргах. Напрыклад, калі ў студзені — верасні мінулага года здзелкі па куплі палімерных вырабаў і прадукцыі хімічнай прамысловасці заключалі 249 арганізацый, то ў бягучым годзе колькасць актыўных удзельнікаў дасягнула 330. Гэта абумоўлена эфектыўнасцю біржавога механізма закупак, дзякуючы якому за дзевяць месяцаў 2026 года айчынныя прадпрыемствы змаглі сэканоміць каля 5 млн рублёў на зніжэнні цэн пастаўшчыкоў у ходзе гандлёвых сесій. Для параўнання ў мінулым годзе эканамічны эфект быў амаль у два разы меншы — 2,8 млн рублёў. На гэта паўплываў выхад на біржу больш як 50 дадатковых прадаўцоў — як рэзідэнтаў, так і нерэзідэнтаў Беларусі, што забяспечыла больш высокі ўзровень канкурэнцыі і, адпаведна, больш выгадныя ўмовы для пакупнікоў», — расказалі ў прэс-службе таварнай біржы.
Біржавыя таргі па рэалізацыі палімераў, плёнкі, палімернай упакоўкі і хімічнай прадукцыі на ўнутраным рынку Беларусі праходзяць на БУТБ два разы на тыдзень. Акрамя таго, арганізуецца асобная гандлёвая сесія, для ўдзелу ў якой прадаўцы загадзя прадастаўляюць узоры сваёй прадукцыі, пакупнікі вывучаюць іх і на аснове атрыманых вынікаў фарміруюць пералік пастаўшчыкоў, якія дапушчаны на таргі. Цяпер пул пакупнікоў прадстаўлены беларускімі прадпрыемствамі з розных галін прамысловасці і сельскай гаспадаркі, а прадаўцоў — вытворцамі і збытавымі арганізацыямі з Беларусі, Кітая, Расіі і Узбекістана.
ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ — адна з буйнешых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Яе галоўная функцыя — садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.





