Выстава БЕЛТА «35 імгненняў фестывалю» адкрылася ў Віцебску
3 ліпеня, Віцебск /Алеся Пушнякова . У Віцебску адкрылася выстава БЕЛТА, прысвечаная 35-годдзю міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».
У экспазіцыі прадстаўлены 35 постараў з фатаграфіямі вядучага фотакарэспандэнта БЕЛТА Аляксандра Хітрова. Выстава размясцілася на мосце 1000-годдзя Віцебска. На фатаграфіях — самыя яркія моманты маштабнага свята мастацтваў. Узыходзячыя зоркі і вядомыя выканаўцы, эмоцыі гледачоў і ўдзельнікаў — кожны здымак як старонка летапісу «Славянскага базару» з 1992 года. Асабліва каштоўныя і кранальныя фатаграфіі звязаны з дзеячамі культуры, якіх ужо няма ў жывых, але яны па-ранейшаму застаюцца з намі, у нашай памяці.

Генеральны дырэктар БЕЛТА Андрэй Мохар, які прыняў удзел у адкрыцці выставы, падкрэсліў, што гэта сумесны праект інфармагенцтва і дырэкцыі міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». «Больш за 120 унікальных, эмацыянальных, яркіх, каляровых і чорна-белых фатаграфій, сабраныя на 35 плакатах, — сказаў кіраўнік БЕЛТА. — Для нас гэта не проста набор фотаздымкаў, для нас гэта цэлая гісторыя. Абсалютная большасць гэтых здымкаў зроблена вядучым фотакарэспандэнтам БЕЛТА, пачынаючы з першага фестывалю, з плёначных фатаграфій. Ён літаральна вядзе летапіс выдатнага свята».
Андрэй Мохар таксама адзначыў, што за фоталетапісам «Славянскага базару» стаіць вялікая работа — гэта начная праяўка фотаплёнкі, напружаныя гадзіны здымкі ў дождж і спёку. «Усё, што мы бачым, — гэта погляд на фестывальнае жыццё. Хацелася б, каб гэтыя здымкі ўбачылі як мага больш людзей, — падкрэсліў гендырэктар. — Я ганаруся тым, што 35 гадоў Беларускае тэлеграфнае агенцтва і «Славянскі базар» ідуць поплеч».
Выставу ўбачылі ўжо ва ўсіх рэгіёнах краіны, яна пабывала ў абласных цэнтрах у час «Васільковага туру», які арганізавала дырэкцыя фестывалю. Рэдкія кадры ўбачаць госці і ўдзельнікі фестывалю, таксама яна будзе прадстаўлена ў Маскве.


Генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск», дырэктар міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Глеб Лапіцкі адзначыў асаблівы духоўны складнік выставы і фестывалю. Ён заявіў, што на выставе ўдалося адлюстраваць гісторыю развіцця «Славянскага базару», а работы Аляксандра Хітрова ўнеслі асаблівы ўклад у захаванне важных момантаў фестывальнай гісторыі.
Дырэкцыя прадставіла сёння і паштоўкі, створаныя на аснове выставы БЕЛТА. Іх можна будзе набыць як у дні маючага адбыцца фестывалю, так і пасля, адправіць сваім знаёмым і блізкім, каб яны змаглі дакрануцца да гісторыі маштабнага брэндавага форуму мастацтваў, які збірае пад сваім крылом артыстаў і гасцей з дзясяткаў краін з розных кантынентаў. 
Фота Аляксандра Хітрова






