Стратэгічныя мэты ў сельскай гаспадарцы да 2030 года назвалі ў Мінсельгасхарчы
Фота з архіва 16 кастрычніка, Мінск . Стратэгічныя мэты на 2026-2030 гады вызначаны дзяржаўнай праграмай «АПК будучыні». У іх ліку — вытворчасць 10,5 млн т малака і звыш 2 млн т мяса, а таксама рост экспарту, расказалі ў прэс-службе Мінсельгасхарча.
Развіццё галіны жывёлагадоўлі ў Беларусі грунтуецца на мадэрнізацыі, генетыцы і рэсурсазберагальных тэхналогіях. 75% дойнага статка размешчана на 1,7 тыс. сучасных комплексаў, якія пастаўляюць 80% малака. Мэта да 2030 года — вытворчасць 10,5 млн т малака пры ўдоі 7500 кг на карову. Для гэтага запланавана будаўніцтва і рэканструкцыя каля 190 малочнатаварных комплексаў.
У рамках стратэгіі развіцця свінагадоўлі (на 2025-2034 гады) узводзяцца чатыры ультрасучасныя комплексы з элементамі ШІ: два па 100 тыс. галоў адкорму (Гомельская і Брэсцкая вобласць) і два па 24 тыс. галоў (Гомельская і Мінская вобласць).
Што датычыцца птушкагадоўлі, з 2025 года рэалізуецца будаўніцтва селекцыйна-генетычнага цэнтра для яечных парод, а таксама ствараюцца племянныя прадпрыемствы ў бройлерным, індычыным і перапяліным напрамках. У сферы рыбаводства плануецца будаўніцтва васьмі індустрыяльных комплексаў агульнай магутнасцю 7,1 тыс.т у год.
Таксама адна са стратэгічных задач датычыцца далейшага росту экспарту харчовых тавараў і сельскагаспадарчай сыравіны. Кіраўнік дзяржавы адзначыў сёння ў размове з журналістамі: «Тое, аб чым мы думалі 10-15 гадоў таму, мы ўжо зрабілі. Дзесяць мільярдаў сваіх мы атрымалі (гаворка ідзе аб выручцы $10 млрд ад экспарту прадуктаў харчавання і сельгассыравіны ў 2025 годзе. — Заўвага ). А далей? Як 20 мільярдаў ад экспарту атрымаць? Не толькі з-за росту цэн, але і за кошт інтэнсіфікацыі развіцця сельскай гаспадаркі». Ён таксама звярнуў увагу, што па ўраджайнасці беларускія аграрыі набліжаюцца да рэкорднага мінулага года, калі было сабрана больш за 11 млн т збожжа з улікам рапсу і кукурузы. Што датычыцца першачарговых задач на будучае ў сельскай гаспадарцы, Прэзідэнт Беларусі назваў будаўніцтва малочнатаварных комплексаў замест дробных ферм і высокі ўзровень культуры земляробства.
Для дасягнення мэт у ліку ключавых задач у Мінсельгасхарчы назвалі максімальнае выкарыстанне рэзерваў на існуючай вытворчай базе і завяршэнне пачатых інвестпраектаў, будаўніцтва новых аб’ектаў праз механізмы конкурснага адбору, укараненне паўсюль навукаёмістых тэхналогій, лічбавай трансфармацыі, развіццё селекцыі, насенняводства і меліярацыі, захаванне фінансавай стабільнасці галіны. «Рэалізацыя гэтых мер гарантуе ўстойлівасць нацыянальнай сістэмы харчовай бяспекі і высокую канкурэнтаздольнасць беларускага АПК на сусветным рынку», — адзначылі ў ведамстве.





