Грамадства

Інтэлектуальны фундамент краіны. У Мінску ўручылі дзяржузнагароды педагогам, студэнтам і курсантам

25 чэрвеня, Мінск . Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын па даручэнні Прэзідэнта ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды педагагічным работнікам, студэнтам і курсантам,

Падзякі Прэзідэнта прэм’ер-міністр уручыў выкладчыкам устаноў вышэйшай адукацыі за значны асабісты ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў і развіццё творчых здольнасцей таленавітай моладзі. Таксама адзначаны студэнты і курсанты, якія ўжо на этапе навучання прадэманстравалі выдатныя вынікі ў навуцы, творчасці і грамадскай дзейнасці.

«У гэтым годзе больш як 45 тыс. выпускнікоў папоўняць рады маладых людзей з вышэйшай адукацыяй. Гэта інтэлектуальны фундамент нашай краіны. Менавіта вы з’яўляецеся рухавіком тэхналагічнага прагрэсу, а значыць, эканомікі ў цэлым. Без адукаванай моладзі ў дзяржавы няма будучыні. І гэта фраза зусім не клішэ. Менавіта вы, маладое пакаленне, заўтра падхопіце эстафету кіравання краінай і будзеце прымаць жыццёва важныя рашэнні. На вас ляжа адказнасць за лёс дзяржавы і дабрабыт народа», — сказаў Аляксандр Турчын.
Паводле яго слоў, інвестыцыі ў адукацыю моладзі самыя выгадныя: гэта ўклад у доўгатэрміновую бяспеку і суверэнітэт краіны. «Сёння вы стаіце на парозе самастойнага жыцця. Перад вамі адкрыты ўсе дарогі. Заўсёды памятайце: вы патрэбны сваёй краіне. Кропак прыкладання шмат, галоўнае — знайсці сябе. Не бойцеся памыляцца, верце ў свае сілы і веды. Самы цяжкі экзамен — не той, што ў заліковай кніжцы. Жыццё прынясе нямала выпрабаванняў. Але ўменне думаць, самаўдасканальвацца, працаваць у камандзе, адказнасць і працавітасць дапамогуць іх пераадолець», — звярнуўся ён да студэнтаў і курсантаў.
Асаблівыя словы падзякі кіраўнік урада адрасаваў педагогам за ўклад у навучанне і выхаванне маладога пакалення. «Вашы, дарагія выпускнікі, поспехі — гэта вынік не толькі асабістых намаганняў, але і заслуга настаўнікаў. Сёння ў ВНУ краіны 17 тыс. выкладчыкаў перадаюць моладзі веды, дапамагаюць у асобасным росце і прафесійным станаўленні. Гэта праца бясцэнная, — падкрэсліў Аляксандр Турчын. — Упэўнены, што сённяшняя ўзнагарода стане для ўсіх нас не толькі прызнаннем дасягнутых вынікаў, але і стымулам да новых здзяйсненняў». Прафесар кафедры акушэрства і гінекалогіі з курсам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Юлія Лызікава адзначыла, што Падзяка Прэзідэнта — першая ўзнагарода ў яе жыцці. «Гэта вельмі хвалююча і каштоўна. Я вельмі ганаруся гэтай узнагародай. Таксама я была лаўрэатам, атрымлівала стыпендыю як малады вучоны, як малады прафесар, — расказала яна. — Калі я даведалася, для мяне гэта быў вялікі гонар і вялікая радасць. Але хачу сказаць, што гэта радасць не толькі для мяне, але і для маёй сям’і, майго ўніверсітэта, майго горада. Гэта вялікае дасягненне, і я вельмі ганаруся гэтай узнагародай». Прафесар кафедры біялогіі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Андрэй Цурыкаў у сваю чаргу адзначыў, што да педагагічнай і навуковай работы прыкавана вялікая ўвага. «Увага і падтрымка адчуваюцца на працягу ўсяго майго жыцця. Падтрымка і дзяржавы, і ў першую чаргу Прэзідэнта. За ўвесь час я быў тройчы ўдастоены стыпендыі Прэзідэнта, будучы аспірантам, і двойчы як малады вучоны. А наша студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя «Флора і расліннасць» атрымала падтрымку Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў у 2020 годзе. Дзякуючы гэтаму была створана самая сучасная лабараторыя, дзе мы вывучаем генетычныя аспекты розных арганізмаў. Для студэнтаў гэта вельмі важна. Яны таксама адчуваюць гэту падтрымку, яна іх вельмі матывуе і прыцягвае ў нашы сцены многіх маладых талентаў», — звярнуў увагу ён. Курсант чацвёртага курса факультэта падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў Інстытута пагранічнай службы Марыя Шыдлоўская ўпэўнена, што гэта падзяка не проста ацэнка вучобы, але і прызнанне працы ўсяго інстытута, пагранічнай службы, афіцэраў, выкладчыкаў. «Гэта не проста гонар, але і вялікая адказнасць. Для мяне гэта не фінальная прамая, а стартавы імпульс для далейшага развіцця, — сказала яна. — Цяпер усё больш дзяўчат ідзе ў гэту сферу. Усё ж гэта паважаная прафесія. І, у прынцыпе, у рамках пагранічнага кантролю яна дае магчымасць дзяўчатам праявіць сябе, асабліва там, дзе патрэбны ўважлівасць і ўседлівасць. Дзяўчаты добра спраўляюцца з гэтай работай. Мы трымаем узровень, мы вынослівыя, трывалыя. І нас усё больш заўважаюць. Мы ўжо можам годна выконваць задачы па ахове дзяржаўнай граніцы». Фота Мікалая Пятрова

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»