Шэсць гарадоў прымуць марафон «17 граней адзінства» ў бліжэйшыя дзве суботы
Фота з архіва 27 жніўня, Мінск . Жыхароў і гасцей шасці населеных пунктаў Беларусі 29 жніўня і 5 верасня чакаюць мерапрыемствы грамадска-палітычнага марафону «17 граней адзінства», паведамілі ў прэс-службе РГА «Белая Русь».
Рэгіянальная праграма аб’яднае сямейныя святы, спартыўныя спаборніцтвы, культурныя мерапрыемствы і інтэрактыўныя праекты. Марафон прадоўжыцца 29 жніўня адразу ў чатырох рэгіёнах краіны. У аграгарадку Крыўляны Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці з 14.30 на стадыёне сярэдняй школы марафон стане часткай раённых «Дажынак». Для гасцей падрыхтуюць сямейную пляцоўку з майстар-класамі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, спартыўнымі спаборніцтвамі, віктарынамі, крыа-шоу і інтэрактыўнай праграмай з роставымі лялькамі.
У гарадскім пасёлку Лёзна Віцебскай вобласці адбудуцца дыскусійная пляцоўка і культурна-забаўляльная праграма «17 граней беларускай жанчыны».
У Ельску Гомельскай вобласці свята разгорнецца ў гарадскім скверы. У праграме — квест-гульня «Грані адзінства», інтэрактыўная зона «Сям’яFest», канцэрт, флэшмобы, розыгрышы прызоў і майстар-класы. Таксама будуць працаваць інфармацыйныя стойкі грамадскіх ініцыятыў, фудкорт і пляцоўкі выязнога гандлю.
У Мастах Гродзенскай вобласці ў 14.00 на стадыёне «Нёман» пачнецца спартыўнае свята «Энергія адзінства». Удзельнікаў чакаюць сямейныя эстафеты, спаборніцтвы для працоўных калектываў, музычная праграма, майстар-клас па стварэнні паштовак і фотазона «Мой Прэзідэнт».
5 верасня марафон прадоўжыцца яшчэ ў трох населеных пунктах. У Століне Брэсцкай вобласці парк культуры і адпачынку стане пляцоўкай для «Палескай мазаікі» — тут арганізуюць 17 тэматычных лакацый. З улікам таго, што Столінскі раён з’яўляецца самым шматдзетным у краіне, асаблівую ўвагу ў праграме ўдзеляць сем’ям і дзецям.
У гарадскім пасёлку Шуміліна Віцебскай вобласці на цэнтральным стадыёне пройдзе трохгадзіннае сямейнае спартыўнае свята і маладзёжны фестываль патрыятычнай творчасці. Адной з галоўных падзей стануць паказальныя выступленні кінолагаў Дэпартамента аховы МУС і падраздзяленняў МНС.
Праграма марафону «17 граней адзінства» аб’ядноўвае розныя фарматы — ад спартыўных і сямейных мерапрыемстваў да дыскусійных пляцовак і культурных праграм, ствараючы магчымасці для сустрэч і сумеснага адпачынку жыхароў рэгіёнаў.






