Слёзы шчасця і падарунак ад Прэзідэнта. Як Лукашэнка знайшоў для гаспадаркі гатовага заатэхніка
18 верасня, Шклоўскі раён . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання сельгаспрадпрыемства «Гавяды-агра» ў Шклоўскім раёне знайшоў для гаспадаркі заатэхніка непасрэдна на адным з малочнатаварных комплексаў,
Гэта вельмі незвычайная і нават крыху эмацыянальная гісторыя магла наогул не здарыцца. У ходзе рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка ініцыятыўна заехаў на МТК №1 «Гавяды» паглядзець, як тут працуюць у жывёлагадоўлі. Гаспадарка «Гавяды-агра», мякка кажучы, не самая паспяховая ў раёне, і ўжо адразу на полі, куды прызямліўся прэзідэнцкі верталёт, усім парадкам дасталося, аж да міністра і кіраўніка рэгіёна. Прычына — агідная, як сказаў Прэзідэнт, сітуацыя з вырошчваннем і ўборкай лёну.
Таму пасля прыезду на МТК настрой у Аляксандра Лукашэнкі ўжо быў значна сапсаваны. Ды і знешне становішча на жывёлагадоўчым комплексе зусім не выклікала аптымізму.
Прэзідэнт дэталёва распытаў аб сітуацыі кіраўніка МТК Алену Марыуцэ. Як аказалася, праблемы сапраўды ёсць, але цяпер яны паступова вырашаюцца. Паказальна, што нават падзеж удалося звесці да нуля, а ў пазбаўленых глянцу жывёлагадоўчых памяшканнях атрымліваюць зусім нядрэнныя надоі. Аляксандр Лукашэнка ацаніў адказы і веданне справы з боку субяседніцы: «Гатовы заатэхнік. Трэба браць і адпраўляць у гаспадарку. Нам патрэбны спецыялісты талковыя».
Словы кіраўніка дзяржавы, відаць, расчулілі жанчыну, на што адразу звярнула ўвагу памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Надзея Каткавец: «Аляксандр Рыгоравіч, яна да слёз перажывае за свой комплекс. Ужо плача, што комплекс адбіраюць у яе».
«Я цябе нікуды не пасылаю», — адразу супакоіў Аляксандр Лукашэнка.
«Гэта ад шчасця, — растлумачыла Алена Марыуцэ. — У мяне былі вельмі добрыя настаўнікі. Я пачынала працаваць у жывёлагадоўлі ў калгасе «Радзіма» з Аляксандрам Міхайлавічам Лапатэнтавым (вядомы кіраўнік, які ператварыў некалі стратную гаспадарку ў адну з самых перадавых і прыбытковых у Беларусі. — Заўвага )».
«Малайчына. Яна разумее, чалавек валодае поўнасцю становішчам», — ацаніў прафесійныя якасці кіраўнік дзяржавы.
Кіраўнік МТК расказала, што жыве побач і ўжо 15 гадоў працуе на комплексе. Муж Алены Марыуцэ працуе тут жа механізатарам, а старэйшая дачка — ветсанітарам.
Як высветлілася, цяпер у гаспадарцы часова няма заатэхніка. «Дык вось заатэхнік», — зноў сказаў Прэзідэнт пра Алену Марыуцэ.
«Я па адукацыі бібліятэкар-бібліёграф», — нечакана прызналася яна.
«Мне твая адукацыя няважная. Галоўнае, каб парадак быў. Яна ведае, як трэба рабіць. Трэба гэта маштабаваць на іншыя комплексы. Ёй толькі патрэбна будзе падтрымка. Яна памятае, як працаваў Лапатэнтаў — мужык быў сапраўдны. Малайчына, гаспадыня», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У час наведвання МТК Алена Марыуцэ расказала, што вельмі спатрэбіўся б у гаспадарцы новы сучасны змяшальнік-кормараздатчык. Старому ўжо два дзясяткі гадоў, і яго даўно трэба мяняць.
«На працягу тыдня як падарунак ад мяне ў яе павінен быць новы кормазмяшальнік. А гэты вы ёй адрамантуйце, каб быў у рэзерве», — распарадзіўся Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт даручыў узяць сітуацыю ў гаспадарцы і на канкрэтным МТК на кантроль, прыцягнуць пры неабходнасці дапамогу збоку, прывесці ў парадак як абсталяванне, так і тэрыторыю. «Каб да 7 лістапада тут комплекс быў у ідэальным стане», — сказаў ён.






