Пад коламі 52 клавішы. Як гучыць музычная дарога на шляху ў Белавежскую пушчу
10 чэрвеня, Брэст . Уладкаванне музычнай дарогі завяршылі ў Камянецкім раёне на пад’ездзе да нацыянальнага парку «Белавежская пушча». Аб гэтым паведамілі у РУП «Брэстаўтадар».
Незвычайны ўчастак размешчаны на рэспубліканскай дарозе Р83, якая вядзе да аграгарадка Каменюкі. «Першыя думкі аб уладкаванні музычнай дарогі з’явіліся два гады таму пасля гомельскага вопыту. Мы папрасілі ў калег напрацоўкі, паглядзелі, што яны зрабілі. Вырашылі, што будзем нешта падобнае рэалізоўваць у Брэсцкім рэгіёне. Спачатку вызначаліся з мелодыяй, выпісваліся ноты. «Выбар прыпаў на песню «Белавежская пушча». Іншай тут і быць не можа», — падкрэсліў начальнік аддзела ўтрымання і бяспекі дарожнага руху «Брэстаўтадара» Аляксандр Літвінчук.
На палатно на паласе руху ў бок нацыянальнага парку спецыялісты нанеслі халодны пластык — 3695 шумавых палос. Пры праездзе па іх транспарту вадзіцелі і пасажыры могуць чуць мелодыю са знакамітай песні «Песняроў». «Наша музычная дарога — унікальная. Мелодыя іграе на працягу 700 м. У нас зроблены 52 ноты — фактычна поўны першы куплет», — растлумачыў Аляксандр Літвінчук.
Аб набліжэнні да незвычайнага дарожнага аб’екта падарожнікаў папярэджвае спецыяльны інфармацыйны знак.







