Парламентарыі краін СНД на форуме ў Полацку абмяняліся вопытам у сямейным заканадаўстве
12 кастрычніка, Полацк . Парламентарыі краін СНД абмяняліся вопытам па такіх пытаннях, як заканадаўства ў сферы абароны сям’і і шлюбу, ахова мацярынства і дзяцінства, у час сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталляй Качанавай на Міжнародным форуме «Размова аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава» ў Полацку,
Спікер расказала членам парламенцкіх дэлегацый аб традыцыі праводзіць у Полацку сямейны форум напярэдадні Тыдня бацькоўскай любові, аб тым, з чаго ён пачынаўся чатыры гады таму і якія пытанні на ім абмяркоўвалі з сем’ямі з усіх рэгіёнаў Беларусі. У гэтым годзе форум упершыню праводзіцца ў міжнародным фармаце, і госці з розных краін будуць абменьвацца вопытам сваіх дзяржаў у сферы сямейнага заканадаўства і захаванні традыцыйных сямейных каштоўнасцей.
Старшыня Камітэта па пытаннях сям’і, жанчын і дзяцей Мілі Меджліса Азербайджанскай Рэспублікі Хіджран Кямран гызы Гусейнава расказала, што Беларусь і яе радзіму цесна звязваюць гістарычныя сувязі, і ў абедзвюх дзяржавах шмат агульнага, у тым ліку і ў адносінах да сямейных каштоўнасцей.
«Для нас сямейныя каштоўнасці, стаўленне да дзяцей, жанчыны ў сям’і заўсёды былі прыярытэтнымі. І тое, што мы, азербайджанскі і беларускі народы, змаглі гэта захаваць у перыяд незалежнасці, вельмі важна. Мы бачым, што адбываецца ў свеце — развал сямейных каштоўнасцей, зусім непрымальныя формы сем’яў, якія нам спрабуюць навязаць звонку. Кіраўнікі нашых дзяржаў заўсёды гавораць, што ідэалагічная вайна, якая сёння ідзе, сваім вастрыём накіравана на падрастаючае пакаленне. Таму нам цікава абмеркаваць, як захаваць нашы традыцыі, зразумець, што каштоўнага робіцца ў сферы заканадаўства ў гэтым плане ў Беларусі, даведацца пра ваш вопыт. У Азербайджане моцная заканадаўчая база ў сямейнай сферы, шмат мы законаў прынялі ў гэтым напрамку, ёсць станоўчы вопыт», — адзначыла ўдзельніца форуму.
«Галоўны напрамак нашай дзяржаўнай стратэгіі — захаванне фундаментальнай базы, якой з’яўляецца сям’я. Мы вельмі цэнім тое, што зроблена ў вас. Думаю, што праблема дэмаграфіі — як для Беларусі, так і для многіх іншых краін — актуальная. Гэтыя праблемы трэба абмяркоўваць. У нас у краіне захоўваецца пераемнасць пакаленняў, і мы штогод у Міжнародны дзень сям’і выязджаем у адзін з рэгіёнаў праводзім там вялікае свята, каб паказаць адрозненні і традыцыі, якія там аберагаюць і перадаюць моладзі. Думаю, і ў Беларусі таксама ёсць рэгіянальныя адрозненні, якія дапамагаюць убачыць усё багацце народнай спадчыны», — адзначыла Хіджран Кямран гызы Гусейнава.
Таксама госці расказалі, як у іх у краінах падыходзяць да пытанняў дэмаграфіі, захавання традыцыйных каштоўнасцей і выхавання моладзі. Дэпутат Жагорку Кенеша Кыргызскай Рэспублікі Жылдыз Курманаліева падкрэсліла, што ў яе дзяржаве жанчыны-дэпутаты ініцыююць прыняцце закона аб абмежаванні доступу да інтэрнэту для непаўналетніх. Гэта пытанне пакуль знаходзіцца ў стадыі абмеркавання, але ў краіне добра разумеюць, што ўплыў сацсетак на падрастаючае пакаленне ідзе вельмі вялікі. Таксама ў рэспубліцы ўдзяляюць значную ўвагу праблеме сямейнага насілля. «Раней псіхолагі працавалі толькі з сямейнымі агрэсарамі, стараючыся іх перавыхаваць, але цяпер работа будзе весціся і з ахвярамі сямейнага насілля, ім будзе аказвацца маральная падтрымка», — праінфармавала яна.
Для гасцей-парламентарыяў сёння таксама будуць арганізаваны экскурсіі па Полацку, гістарычных мясцінах і самых вядомых славутасцях старажытнага горада.
Міжнародны форум «Размова аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава» праводзіцца па ініцыятыве Савета Рэспублікі і Беларускай праваслаўнай царквы.
Фота Віталя Піваварчыка





