Эталонны помнік дойлідства. Аб унікальнасці Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку расказаў гісторык
Фота з архіва 14 кастрычніка, Мінск . Чым унікальная Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку, пабудаваная дойлідам Іаанам па заказе Ефрасінні Полацкай, расказаў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, гісторык Ігар Марзалюк у праекце БЕЛТА «Сапраўдная гісторыя. Лекцыі Ігара Марзалюка».
«Ефрасіння праславілася і тым, што менавіта па яе заказе, менавіта яе стараннямі полацкім дойлідам Іаанам быў створаны ўнікальны храм, які лічыцца эталонным помнікам полацкага дойлідства — Спаса-Праабражэнская царква», — сказаў Ігар Марзалюк.
Археалагічныя даследаванні паказалі, што там існаваў яшчэ падземны храм. «Раскрыты і вывучаны на сённяшні дзень унікальны роспіс XII стагоддзя паказвае, што сюжэты, якія адлюстраваны на сценах царквы, наяўнасць святых, кожны з якіх з’яўляўся патронам таго ці іншага полацкага князя, дазваляе інтэрпрэтаваць Спаскую царкву як калектыўную малітву Ефрасінні аб міры ўнутры полацкага роду, полацкіх князёў. І зразумела, як калектыўную пахавальню гэтых князёў, акрамя ўсяго іншага», — адзначыў гісторык. Адметным гісторык назваў і той факт, што кілепадобнае завяршэнне царквы, так званыя какошнікі, былі вынайдзены полацкім дойлідам Іаанам.
У 1161 годзе па заказе Ефрасінні майстар-ювелір Лазар Богша вырабіў для Спаса-Праабражэнскай царквы Полацкага манастыра напрастольны крыж. «Вельмі доўга спрачаліся, заяўлялі, што, хутчэй за ўсё, у Кіеве створаны гэты крыж. У Полацку нібыта не маглі стварыць яго», — сказаў Ігар Марзалюк. Паводле яго слоў, у час археалагічных даследаванняў Дзяніса Дука была знойдзена сядзіба, якая, хутчэй за ўсё, належала вядомаму полацкаму ювеліру XII стагоддзя Лазару Богшу, што ўскосна пацвярджае полацкае паходжанне крыжа.






