Эканоміка

Мінсельгасхарч: Беларусь бачыць значны патэнцыял для сумеснай работы з Казахстанам у аграрнай сферы

3 чэрвеня, Мінск . Беларусь бачыць значны патэнцыял для сумеснай работы з Казахстанам у аграрнай сферы. Аб гэтым заявіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі — дырэктар Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Іван Смільгінь на другім Беларуска-казахстанскім аграрным форуме, які праходзіць на пляцоўцы міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «Белагра-2026»,

«У мінулым годзе паспяхова правялі першы форум у Астане. Сёння наша чарга прымаць нашых сяброў і партнёраў. Прыемна бачыць, што інтарэс да сумеснай работы толькі ўзрастае. Аграрныя галіны Беларусі і Казахстана заўсёды з’яўляліся надзейным фундаментам нацыянальных эканомік нашых краін і застаюцца адным з асноўных фактараў умацавання не толькі харчовай, але і ў цэлым эканамічнай бяспекі», — адзначыў Іван Смільгінь.
Казахстан для Беларусі — важны, надзейны партнёр, супрацоўніцтва з якім заснавана на ўзаемадапаўняльнасці патэнцыялаў. «Пазітыўную тэндэнцыю дэманструе знешнегандлёвы абарот. Па выніках трох месяцаў 2026 года аб’ём знешняга гандлю (у АПК. — Заўвага ) склаў больш як $127 млн, перавысіўшы аналагічны перыяд мінулага года на 32,5 працэнта. Паступальная дынаміка беларуска-казахстанскіх гандлёва-эканамічных сувязей прыносіць адчувальныя выгады для кожнага з бакоў», — дадаў намеснік міністра.

Ён назваў форум добрай пляцоўкай для абмену кантактамі і заключэння кантрактаў. «Беларускі бок гатовы дзяліцца вопытам, правесці B2B-перагаворы для таго, каб краіны, бізнесы знаходзілі новыя кропкі росту, — адзначыў Іван Смільгінь. — Цэнім адкрытасць і канструктыўны настрой казахстанскага боку».

Беларусь і Казахстан звязвае не толькі шматгадовае партнёрства. Краіны працуюць у адзінай эканамічнай прасторы, маюць устойлівыя гандлёвыя сувязі, развіваюць вытворчую кааперацыю, сумесныя праекты, дылерскія сеткі, навукова-тэхнічнае і дзелавое супрацоўніцтва.

Казахстан уваходзіць у лік ключавых гандлёвых партнёраў Беларусі і займае асаблівае месца сярод краін СНД па аб’ёме беларускага экспарту. На форуме беларускія прадпрыемствы прэзентавалі казахстанскім партнёрам свае прапановы і магчымасці для пашырэння супрацоўніцтва. 
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў, дзелавых колаў, аграрнага сектара, прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый, зацікаўленых у развіцці практычнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Казахстанам. На палях форуму падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве ў рэалізацыі тэхнікі, ветпрэпаратаў, спецыяльных ёмістасцей модульнага сховішча для сыпучых матэрыялаў і інш. Фота Андрэя Сіняўскага

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»