Мінлясгас плануе ў 2027 годзе правесці другі нацыянальны паляўнічы фестываль «Налібоцкія стрэлы»
Фота з архіва 17 лістапада, Мінск . Нацыянальны паляўнічы фестываль «Налібоцкія стрэлы» стане традыцыйным, паведаміў журналістам начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі Аляксандр Казарэз,
Першае такое мерапрыемства прайшло ў канцы ліпеня на базе рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі» ў Валожынскім раёне. Яго мэта — прыцягнуць увагу да палявання і яго традыцый. Праводзіліся выстаўка паляўнічых трафеяў, дэманстрацыі паляўнічых сабак, прэзентацыі паляўнічых падворкаў лесапаляўнічых гаспадарак.
«Нягледзячы на тое, што быў першы фестываль, яго наведалі больш як 4,5 тыс. чалавек, — расказаў Аляксандр Казарэз. — Прынята рашэнне, што фестываль стане традыцыйным і будзе праходзіць у заказніку штогод у летні перыяд».
Мяркуецца, што мерапрыемства ў 2027 годзе пройдзе ў ліпені.
Арганізатарамі першага фестывалю «Налібоцкія стрэлы» выступілі Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» і Валожынскі раённы выканаўчы камітэт. Месца правядзення выбрана не выпадкова. Налібоцкая пушча — адзін з самых вялікіх і маляўнічых лясных масіваў у краіне.





