Майстар-класы, дэгустацыі, музыка. Чым запомнілася выстаўка-кірмаш рэгіёнаў Беларусі і Расіі
На пляцоўцы Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра BELEXPO прайшла маштабная выстаўка-кірмаш, прымеркаваная да XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Удзельнікі — беларускія і расійскія вытворцы, рамеснікі, прадстаўнікі бізнесу і сферы гандлю. У першыя два дні форуму наведвальнікамі былі дэлегацыі, а сёння паглядзець экспазіцыі маглі ўсе жадаючыя. Чым запомнілася выстаўка-кірмаш рэгіёнаў Беларусі і Расіі, даведаліся карэспандэнты БЕЛТА.
Чым здзівіла беларуская частка экспазіцыі
На выстаўцы-кірмашы панавала па-сапраўднаму жывая атмасфера. Вытворцы праводзілі на стэндах дэгустацыі і майстар-класы, усяляк прывабліваючы наведвальнікаў. З некаторых экспазіцый даносілася музыка — артысты народных ансамбляў з рэгіёнаў радавалі гасцей яркімі выступленнямі. Госці выстройваліся ў чаргу, каб паспрабаваць беларускую і расійскую прадукцыю, падыходзілі бліжэй да выступаючых артыстаў, танцавалі і шмат фатаграфавалі.
Беларуская частка выстаўкі была прадстаўлена ўсімі абласцямі і Мінскам. Наведвальнікі набывалі намазкі і мясныя пасты з Брэста, прадукты з мяса качаняці. Паспрабаваць знакамітае марожанае з Кобрына хацелі многія — за ім людзі выстройваліся ў вялікія чэргі. На стэндзе нацыянальнага парку «Белавежская пушча» здзіўлялі музычнымі нумарамі і хаткай з бусламі на даху, якую паставілі пасярэдзіне выставачнага павільёна.
На экспазіцыі Гродзенскай вобласці ўбачылі тавары бытавой хіміі, лакафарбавыя вырабы, прадукцыю шклозавода «Нёман». Можна было прадэгуставаць мясныя вырабы. Віцебская вобласць прадстаўляла вафельныя і бісквітныя вырабы, сыры, мэблевую прадукцыю, а артысты з рэгіёна забаўлялі гасцей песнямі.
Таксама на выстаўцы прадэманстравалі вядомую кандытарскую прадукцыю з Гомельскай вобласці. Экспазіцыя Магілёўскай вобласці ўключала ў сябе бабруйскі зефір, алкагольныя і безалкагольныя напіткі, марынады для мяса і не толькі.
Увагу прыцягнула вялікая каністра са згушчонкай, якую паставілі ў выставачным цэнтры. Гэта экспазіцыя «Рагачоўскага малочна-кансервавага камбіната». У арганізацыі расказалі пра навінкі — пратэінавыя кактэйлі са смакам фісташкі і банана, сумесь для пратэінавага кактэйлю, цукеркі з сухога малака, а таксама згушчанае малако са смакам апельсіна ў шакаладзе.
Мінская вобласць паказала «Курган Славы» са стэлай на вяршыні, але ў мініяцюрным варыянце. Многія фатаграфаваліся на фоне стэлы. Была прадстаўлена сырная прадукцыя са Слуцка, мясныя вырабы вытворцаў са Стоўбцаў, адзенне і многае іншае.
Наведвальнікі і дзеці звярталі ўвагу на кінетычны тэатр «Балабуха», які прыехаў з Дзяржынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Як расказала кіраўнік народнага калектыву майстроў народнай творчасці «Калаўрот» Ала Балясава, тэатр паказвае беларускія народныя святы — Каляды, Масленіцу, Купалле. «Кожная лялячка — рэальны чалавек. У гэтым тэатры ў адзінае цэлае аб’ядналася музыка, святло, дынаміка, народнасць і ўнікальнасць майстра, — растлумачыла яна. — Радасна, што гэта прыцягвае ўвагу людзей, дзецям весела, а дарослым — нечакана. Эмоцыі розныя».
Здзівіў і стэнд Мінска — акрамя таго, што экспазіцыя нагадвала чыгуначны вакзал горада, там прадставілі мультымедыйны акварыум, прызначаны для выставак і офісаў, а таксама рэнтгенаўскую ўстаноўку для надгляду багажу і тавараў, якая называецца «Смайлік», паколькі мае адпаведны выгляд і ўсміхаецца прахожым.
Экспазіцыі знаходзіліся не толькі ўнутры, але і звонку выставачнага цэнтра. На адкрытай пляцоўцы прэзентавалі сваю прадукцыю прадпрыемствы прамысловай галіны — ААТ «Амкадор», ААТ «МАЗ», ААТ «МТЗ» і іншыя. Сярод іх таксама і ААТ «Гомсельмаш» — сёння прадпрыемства прадставіла вялікі асартымент прадукцыі. Напрыклад, кампанія паказала самы магутны флагман — кормаўборачны камбайн FS650, збожжаўборачны камбайн GH810 з унікальнай камплектацыяй і стылізацыяй пад год беларускай жанчыны, што асабліва прываблівае наведвальнікаў выстаўкі, і іншае.
Як расказаў вядучы інжынер упраўлення рэкламы і паказу тэхнікі ААТ «Гомсельмаш» Віктар Шах, удзел у форуме для холдынга з’яўляецца значнай падзеяй. «Наведвальнікі ў першую чаргу хочуць даведацца пра тое, як машыны працуюць. Таксама цікава маштабнасць нашай тэхнікі, таму што камбайны — дастаткова вялікія агрэгаты».
Што паказалі расійскія вытворцы
Расійскі бок на выстаўцы прадстаўлялі вытворцы і рамеснікі з Уладзімірскай, Калінінградскай, Маскоўскай, Пензенскай, Пскоўскай, Тульскай абласцей і Краснадарскага края. Таксама была зона для дзелавых перагавораў прадстаўнікоў Башкортастана.
Тульская вобласць прывезла розныя рамесныя і тэкстыльныя вырабы, расшытыя народнымі ўзорамі, а таксама знакамітыя пернікі. Пскоўская вобласць дэманстравала прадукцыю з журавін і тэкстыльныя вырабы. Можна было звярнуцца ў Турысцкі інфармацыйны цэнтр Пскоўскай вобласці і даведацца пра турыстычныя магчымасці рэгіёна. На экспазіцыі асабліва здзівіла смаўжовая ферма, а прывабілі людзей натуральныя морсы, сокі і нектары.
Пензенская вобласць радавала сумкамі, рысшытымі кампазіцыямі з кветак, матрошкамі і іншымі вырабамі рамеснікаў. Таксама на гэтым стэндзе можна было паіграць на незвычайным музычным інструменце — хангу. Уладзімірская вобласць прываблівала гасцей хлебабулачнымі вырабамі, мяснымі чыпсамі, а таксама турыстычнымі магчымасцямі Суздаля і Мурама — буклеты з імі разбіралі на вачах. Краснадарскі край асабліва зацікавіў віном з Кубані. Маскоўская вобласць зачапіла гжэльскімі фарфоравымі вырабамі.
Калінінградская вобласць зацікавіла гасцей свежымі шпротамі і іншай рыбнай прадукцыяй, шырокім асартыментам ювелірных вырабаў. Сярод вытворцаў увагу таксама прыцягнуў стэнд з аксэсуарамі, сумкамі і адзеннем з габелена. Вырабы ўяўляюць сабой ручную работу з выкарыстаннем спецыялізаванага абсталявання. Акрамя таго, для гэтых вырабаў мастакі распрацоўваюць свае эскізы, якія выкарыстоўваюцца ў якасці ўзору на сумках.
Наведвальнікі не маглі абысці тульскія пернікі, шырока вядомыя па ўсім свеце. Як расказала менеджар па развіцці адной з кампаній па вырабе пернікаў Тульскай вобласці Алена Малазонія, тульскі пернік праслаўлены сваёй якасцю і смакам, таму яго так любяць у Расіі і за яе межамі. «Шмат людзей да нас падыходзіць, беларускія людзі цудоўныя, пазітыўныя і дружалюбныя, — усміхнулася Алена Малазонія. — Мінск — цудоўны горад, як і ўся Беларусь. У выстаўкі высокі ўзровень арганізацыі, засталіся толькі станоўчыя ўражанні».
Што ўразіла наведвальнікаў на выстаўцы-кірмашы
Таццяна Цыдзік прыехала на выстаўку з дзецьмі, Дашай і Ванем, і расказала, што хацела б наведаць яе яшчэ. «Дзецям вельмі спадабалася пасціла і марожанае. Запомніліся VR-акуляры на стэндзе Мінскай вобласці. Здорава, што «Белпошта» арганізавала акцыю, дзе можна бясплатна адправіць паштоўку сябрам па Беларусі і Расіі», — падзялілася ўражаннямі яна.
Станоўчыя эмоцыі выказала і Марына Халадовіч з сынам Ванем: «Вельмі спадабалася. Прыехалі з дзіцем, набылі шмат смачнага — сыр, каўбасу, ласункі, паспрабавалі навінкі. З задавальненнем купляем прадукцыю Магілёўскай вобласці, прадэгуставалі марожанае і згушчонку. Паўдзельнічалі ў майстар-класе Пскоўскай вобласці, узялі буклеты з турыстычнай інфармацыяй, вельмі ўразілі журавіны. Думаю, цікава будзе дзецям любога ўзросту».
Мінчанка Міла Кахавец расказала, што было цікава паглядзець прадукцыю не толькі сваёй краіны, але і расійскіх вытворцаў. «Шмат усяго цікавага — што датычыцца вырабаў, што мае дачыненне да культуры нашай краіны і Расіі. Пазнаёміліся з прадукцыяй мясных і малочных заводаў, упершыню спрабавала прадукцыю расійскіх вытворцаў, засталася вельмі задаволеная, — дадала яна. — Вельмі добрая арганізацыя і ветлівае абслугоўванне. Спадабалася тое, што было музычнае суправаджэнне, выступалі беларускія і расійскія нацыянальныя ансамблі. Усюды, куды ні падыходзілі, усё тлумачылі, расказвалі і паказвалі».
Аляксандр Кубекаў з унукам Максімам таксама прыехалі паглядзець на экспазіцыі прамысловай галіны. Паводле слоў Аляксандра Кубекава, паколькі ўнук на такой выстаўцы ўпершыню, яму цікава ўся тэхніка. «Папрасіў пафатаграфаваць яго. Вельмі хацеў фатаграфію на фоне БЕЛАЗа», — усміхаецца Аляксандр Кубекаў. Як ён адзначае, асабліва ўразіў на выстаўцы адзін з трактароў Мінскага трактарнага завода.
Людзі выходзілі з выстаўкі не спяшаючыся і з задаволеным бляскам у вачах. У руках пакеты — цяжкія або лёгкія, але ўсе напоўненыя пакупкамі. Не засталіся абыякавымі і карэспандэнты БЕЛТА, якія таксама набылі для сябе некаторыя вырабы.
Аляксандра КОМАР, фота Раміля НАСІБУЛІНА, БЕЛТА.






