Лукашэнка заклікае не перагружаць суды эканамічнымі пытаннямі, якія можна вырашыць на месцах
19 лістапада, Мінск . Недапушчальна перагружаць суды эканамічнымі і фінансавымі пытаннямі, якія можна вырашыць на месцах. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе з судзейскім корпусам,
«Я заўсёды патрабую ад урада, іншых органаў улады, губернатараў зарубіць сабе на носе: па фінансах, эканоміцы не перагружайце суды. Там, дзе вы павінны прымаць рашэнні, прымайце. Там, дзе вы нахамуталі праблем, а потым скінулі на суды, — гэта недапушчальна. У нас у савецкія часы ў суд не грузілі гэта ўсё, а разбіраліся ў раённых камітэтах, райвыканкамах. Дык навошта мы цяпер перагружаем суды?» — задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы прывёў прыклад з рашэннем аб банкруцтве таго ці іншага прадпрыемства, якое могуць прыняць мясцовыя органы ўлады, вызначыўшыся з будучыняй прадпрыемства. «Я прыхільнік таго, каб ні ў якім разе не перагружалі суды па эканамічных і фінансавых пытаннях. Калі ўжо сапраўды спрэчка, — прыватнік і прыватнік, прыватнік з дзяржавай — без суда не абыдзешся. Але калі спрачаюцца два дзяржаўныя прадпрыемствы і ідуць у суд, гэта крайні выпадак і непажадана. Няхай выканкамы на месцы разбіраюцца з гэтымі праблемамі», — падкрэсліў ён.
Як адзначыў у сваім выступленні старшыня Вярхоўнага Суда Андрэй Швед, работа па перабудове эканамічнага правасуддзя вядзецца з пачатку года. «Суды абавязаны не проста вырашаць спрэчкі, што само сабой зразумела. Яны павінны ўзаемадзейнічаць з выканаўчай уладай, актыўна ўнікаць у эканамічную дзейнасць рэгіёна, нефармальна садзейнічаць устойліваму развіццю эканомікі», — падкрэсліў ён.
Андрэй Швед у сувязі з гэтым асобна выказаўся пра Апеляцыйны эканамічны суд, які па сутнасці з’яўляецца новым звяном правасуддзя. Пры яго ўтварэнні былі ўкладзены значныя сродкі, аднак у рабоце суда ёсць пэўныя недахопы. У прыватнасці, з боку суддзяў былі спробы неабгрунтавана накіраваць справы на новыя разгляды, адзначаліся выпадкі лабіравання інтарэсаў аднаго з бакоў, несправядлівыя вырашэнні спрэчак самім Апеляцыйным судом. Канчатковыя прапановы і ацэнка работы гэтага суда будуць сфарміраваны на пасяджэнні Прэзідыума Вярхоўнага Суда ў наступным годзе.
«Калі гэтыя недахопы залежаць ад кадраў, якія працуюць у эканамічным і іншых судах, без усялякай крыўды: калі старшыня сказаў — будзем разбірацца, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. — Што датычыцца працоўнай дысцыпліны, гэта наогул не абмяркоўваецца. Вы ведаеце маё патрабаванне. Усё ўмеем рабіць, але не хапае часам дысцыпліны. Трэба ў гэтым напрамку працаваць».





