Пашырэнне міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з Ташкенцкай вобласцю Узбекістана абмеркавалі ў Савеце Рэспублікі
28 кастрычніка, Мінск . Пашырэнне міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з Ташкенцкай вобласцю Узбекістана з’яўляецца магутным драйверам развіцця эканамічнага ўзаемадзеяння з гэтай краінай, адзначыў у каментарыі журналістам старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік па выніках сустрэчы кіраўніцтва Савета Рэспублікі з хакімам Ташкенцкай вобласці Рэспублікі Узбекістан Заірам Мірзаевым,
Сур’ёзны імпульс развіццю і пашырэнню міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, паводле яго слоў, далі лідары дзвюх дзяржаў у рамках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева ў Беларусь, які адбыўся ў гэтым годзе, і трохдзённы III Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана.
На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні перш за ўсё пашырэння міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, якое з’яўляецца магутным драйверам развіцця эканамічнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Узбекістанам. На сёння падпісана каля 40 міжрэгіянальных пагадненняў, якія даюць вельмі сур’ёзны эканамічны эфект.
Ташкенцкая вобласць, якая фарміруе 20% ВУП Узбекістана, займае лідзіруючыя пазіцыі. Сумарны аб’ём ужо рэалізуемых сумесных праектаў складае каля $55 млн, адзначыў Сяргей Алейнік. Размова ідзе ў тым ліку аб вытворчасці на тэрыторыі Узбекістана кабельнай прадукцыі, перапрацоўцы медзі, птушкі.
Бакі абмеркавалі шэраг канкрэтных праектаў у сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, у частцы вытворчасці бульбы, буракоў — для ўмацавання харчовай бяспекі. У гэтых напрамках, якія маюць інтарэс для Узбекістана, у беларускага боку ёсць і кампетэнцыі, і магчымасці працаваць сумесна як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі Узбекістана.
Закранаючы, у прыватнасці, сферу сельскай гаспадаркі, старшыня Пастаяннай камісіі адзначыў, што ў Брэсцкай вобласці дадзены старт сумеснаму праекту — будаўніцтву жывёлагадоўчага комплексу. Тут плануецца вырошчванне каля 10 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы з далейшай перапрацоўкай і пастаўкай прадукцыі на ўзбекскі рынак.
Хакім Ташкенцкай вобласці Заір Мірзаеў пералічыў новыя сумесныя праекты на тэрыторыі Беларусі, сярод якіх будаўніцтва сучаснага санаторна-аздараўленчага цэнтра, праект у галіне перапрацоўкі драўніны.
«Мы пабывалі ўчора на вельмі многіх прадпрыемствах і бачым, што ёсць патэнцыял, ёсць рэзервы, якія не выкарыстоўваюцца. Зыходзячы з гэтага ў нас ужо з’яўляюцца новыя планы па напрамках прамысловасці, машынабудавання, мэблевай галіны», — сказаў Заір Мірзаеў.
Плануецца пашырэнне супрацоўніцтва і ў фармацэўтычнай галіне. Размова ідзе аб планах па будаўніцтве ва Узбекістане новага фармацэўтычнага завода.
«Цяпер адносіны Беларусі і Узбекістана сапраўды развіваюцца. Дзякуючы палітычнай волі нашых прэзідэнтаў для нас адчынены ўсе дзверы, — сказаў хакім Ташкенцкай вобласці. — Мы працуем з вельмі многімі рэгіёнамі Беларусі, таму што ёсць вялікі патэнцыял».
На сустрэчы ў Савеце Рэспублікі адзначалася, што дзякуючы прэзідэнтам Беларусі і Узбекістана Аляксандру Лукашэнку і Шаўкату Мірзіёеву паміж дзвюма краінамі выбудаваны канструктыўныя адносіны. Стратэгічнае партнёрства дае магчымасць рухацца наперад па ўсіх напрамках. Да 2030 года тавараабарот з Узбекістанам павінен вырасці да $2 млрд.
Адзначана таксама, што добрыя, дружалюбныя адносіны выбудаваны і на міжпарламенцкім узроўні. Вядзецца работа на міжнародных пляцоўках: па лініі МПА СНД, Міжпарламенцкага саюза, Парламенцкай сеткі Руху недалучэння і інш.
Фота Сяргея Шэлега






