Лукашэнка даручыў прыняць самыя жорсткія меры па ўсіх недахопах на ўборачнай
Аляксандр Лукашэнка 21 ліпеня, Мінск . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў прыняць самыя жорсткія меры адносна недахопаў на ўборачнай. Аб гэтым ён заявіў на селектарнай нарадзе,
Рэагуючы на даклад старшыні Камітэта дзяржкантролю Васіля Герасімава, Прэзідэнт адзначыў: «Прэм’ер-міністру і вам на працягу бягучага і наступнага тыдня неабходна прыняць самыя жорсткія меры па ўсіх недахопах. І не трэба думаць, што мы застанёмся без кадраў».

Кіраўнік КДК гаварыў аб фактах негатоўнасці тэхнікі і прыпісках у гэтым пытанні, недастатковай наяўнасці ў шэрагу выпадкаў запчастак, прастоях, недаглядах у забеспячэнні кадрамі механізатараў. Не ўсюды рэалізаваны задачы па падрыхтоўцы да ўборачнай зернесушыльных комплексаў і складскіх памяшканняў. Выяўляюцца факты няякаснай уборкі і звышнарматыўных страт, парушэнні пры перавозцы збожжа. 
Кантралёры таксама выяўляюць недахопы ў нарыхтоўцы кармоў. У колькасным аб’ёме спрацавалі значна лепш, чым у мінулым годзе, але нярэдкія выпадкі парушэння тэхрэгламентаў пры закладцы кармоў на захоўванне.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беспарадак, п’янства і крадзеж ніхто цярпець не будзе. «Гэтага быць не павінна. Таму ў вас гэты тыдзень і наступны. Прыняць жорсткія меры і далажыць, — сказаў ён. — Не мне вам тлумачыць, чаго нам каштуе паліва, запчасткі, тэхніка. І спакой забяспечыць, і бяспеку».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на работу і адказнасць за сітуацыю ўпаўнаважаных Прэзідэнта па рэгіёнах. Напрыклад, старшыня Камітэта дзяржкантролю таксама з’яўляецца ўпаўнаважаным прадстаўніком Прэзідэнта ў Гродзенскай вобласці. Васіль Герасімаў расказаў, што апошні раз работа па ўборачнай у рэгіёне абмяркоўвалася раніцай 20 ліпеня, а да гэтага праводзілася спецыяльная нарада.
«Вялікі паэт пра нас гаварыў, што мы «празасядаліся». Замест таго, каб на месцах прымаць меры, мы засядаем», — заўважыў беларускі лідар.
«Адказныя, майце на ўвазе. Дзмітрый Мікалаевіч (кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. — Заўвага ), трэба перагледзець спіс гэтых адказных. Пасля ўборкі дадзім усім ацэнку і перагледзім», — папярэдзіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб патрабаванні па забяспечанасці кадрамі, каб для работы з тэхнікай, асабліва энерганасычанай, хапала механізатараў. «Мы дамаўляліся — ніякіх паставак энерганасычанай тэхнікі, калі няма механізатараў. Гэта датычыцца і тых камбайнаў, якія ёсць», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Хачу папярэдзіць перш за ўсё адказных упаўнаважаных і памочнікаў Прэзідэнта, трэці — губернатар. Галавой адкажаце за парадак ва ўборачнай кампаніі», — сказаў беларускі лідар.
Ён падкрэсліў, што да кантролю за ходам уборачнай нельга ставіцца з халадком: «Усе павінны быць мабілізаваны. Вы бачыце, што робіцца з харчаваннем у свеце. Сёння можна зарабіць добрую капейку».
Аляксандр Лукашэнка выразна расставіў акцэнты ў пытанні, хто і за што адказвае ва ўборачнай кампаніі. Арганізацыя ўборкі ўраджаю — справа старшынь аблвыканкамаў, райвыканкамаў і, зразумела, кіраўнікоў гаспадарак. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання павінен сачыць за захаваннем тэхналогіі. А галоўная задача віцэ-прэм’ера, які адказвае за сферу АПК, — рэалізацыя прадукцыі.
У пытанні забеспячэння кадрамі Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта справа кіраўніцтва на месцах, як і каго прыцягваць, але пастаўленыя задачы павінны быць выкананы ў поўным аб’ёме. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на час масавай уборкі ў дапамогу гаспадаркам у мінулыя гады задзейнічалі і чыноўнікаў з выканкамаў, і моладзь, уключаючы старшакласнікаў.
«Усіх трэба задзейнічаць. Усе хочуць есці, і есці добра. Лепш працаваць у полі, чым ваяваць. Гэта — наша мірная «вайна». Таму дзейнічайце. Няхай людзі папрацуюць. І не шкадуйце (сродкаў, каб. — Заўвага ) падтрымаць іх матэрыяльна, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я ў вашы справы не ўмешваюся і не прымушаю ганяць камбайны і трактары ў полі. Гэта справа кожнага кіраўніка, прынамсі, старшыні райвыканкама. Але калі ў вас справы будуць ісці дрэнна, а ў гэты час камбайны або іншая тэхніка не будзе задзейнічана, гэта ўжо прычына з вас запатрабаваць. Задачы трэба вырашыць у тэрмін».

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў на селектарнай нарадзе далажыў аб планах на ўборачную кампанію гэтага года. Збожжавых і зернебабовых культур разам з рапсам і кукурузай на зерне трэба будзе ўбраць на 2,4 млн га. Паводле ацэнак спецыялістаў, ураджай на палях не ніжэйшы за ўзровень мінулага года. Збожжавых каласавых плануецца сабраць каля 8 млн т, кукурузы на зерне — 2,4 млн т (плюс 500 тыс. т да ўзроўню мінулага года) і 1,2 млн т рапсу (плюс 200 тыс. т). Стаіць задача да 1 жніўня завяршыць церабленне лёну.
Кіраўнік Мінсельгасхарча таксама далажыў аб гатоўнасці тэхнікі да масавай уборкі і пастаўках новай, замацаванні за імі механізатараў. Вядзецца работа па забеспячэнні запаснымі часткамі, створаны мабільныя рамонтныя брыгады. Разам з тым Юрый Горлаў прызнаў і наяўнасць праблемных фактаў, аб якіх дакладваў старшыня КДК. 
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кожны райаграсэрвіс павінен стаць своеасаблівым дылерскім цэнтрам для рамонту ўсіх відаў тэхнікі. «Гэта — закон», — сказаў ён. 
Старшыні аблвыканкамаў далажылі аб ходзе ўборачнай кампаніі ў разрэзе абласцей, вырашэнні абазначаных на селектарнай нарадзе праблемных аспектаў. Аляксандр Лукашэнка расставіў акцэнты ў шэрагу важных пытанняў і заявіў, што мае намер у хуткім часе прадоўжыць работу ў рэгіёнах, каб азнаёміцца з сітуацыяй на месцах.







