Калінкавічы сустракаюць працаўнікоў вёскі Гомельскай вобласці на «Дажынках-2026»
10 кастрычніка, Калінкавічы . Калінкавічы гасцінна сустракаюць сёння працаўнікоў вёскі паўднёва-ўсходняга рэгіёна на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2026»,
Праграма свята даволі насычаная. З самай раніцы на галоўных вуліцах і плошчы Леніна райцэнтра пачынаюць сваю работу выстаўка сельскагаспадарчай тэхнікі, розныя экспазіцыі і лакацыі. Удзельнікаў і гасцей фестывалю запрашаюць на дэгустацыі, фуд-корты, гандлёвыя рады.

Аб традыцыях, культуры, эканамічным патэнцыяле раёнаў вобласці раскажуць тэматычныя падворкі.
У 11.40 пачнецца ўрачыстае шэсце перадавікоў уборачнай кампаніі, працаўнікоў вёскі. Асаблівасць шэсця гэтага года ў тым, што яно праводзіцца на конкурснай аснове. У кожнага раёна свая канцэпцыя са сваімі адметнасцямі.
Самыя цёплыя віншаванні ў адрас аграрыяў на галоўнай фестывальнай сцэне прагучаць у час ушаноўвання працаўнікоў палёў, ім уручаць заслужаныя ўзнагароды.
Пасля да самага вечара ў канцэртнай праграме прагучаць музычныя віншаванні ад лепшых творчых калектываў вобласці, гасцей. У фінале — «КаверХорШоу». Яркім акордам фестывалю стане святочны феерверк.
Да свята райцэнтр абнавіў сваё аблічча. У сталіцы «Дажынак» правялі комплекснае добраўпарадкаванне, рамонт, мадэрнізацыю, рэканструкцыю на аб’ектах розных сфер.-0 



Фота Марыны Васільевай





