Узаемадзеянне спецслужбаў мае ключавое значэнне для барацьбы з тэрарызмам — КДБ
8 кастрычніка, Мінск . Сумесныя антытэрарыстычныя вучэнні СНД і ШАС даюць магчымасць на практыцы адпрацаваць узаемадзеянне спецыяльных падраздзяленняў розных краін і павысіць іх гатоўнасць да дзеянняў у рэальных умовах. Аб гэтым журналістам пасля завяршэння сілавой фазы антытэрарыстычнага вучэння «Еўразія-Антытэрор — 2026» заявіў першы намеснік старшыні КДБ Беларусі Сяргей Церабаў,
Ён адзначыў, што асаблівасцю цяперашняга фармату стала аб’яднанне двух вучэнняў, якія праводзіліся па лініі РАТС ШАС і Антытэрарыстычнага цэнтра СНД. Паводле слоў Сяргея Церабава, сцэнарый вучэнняў быў максімальна набліжаны да рэальных умоў.
«У аснову сцэнарыя закладзены абсалютна практыка-арыентаваны падыход. Інакш кажучы, тут мы не прыдумалі нічога такога фантастычнага або нейкага эфемернага. Гэта ўсё ў аснову закладзена тактыка дзеянняў тэрарыстаў, праціўніка», — адзначыў першы намеснік старшыні КДБ.


Ён звярнуў увагу на складанасць заключнага этапу, у якім упершыню былі задзейнічаны шэсць спецыяльных падраздзяленняў розных дзяржаў. «Неабходна было правесці баявое згладжванне, сумясціць узроўні падрыхтоўкі, пераадолець моўныя бар’еры. Я думаю, што ў нас усё атрымалася», — сказаў Сяргей Церабаў.
Гаворачы аб значэнні ўзаемадзеяння спецслужбаў СНД і ШАС, ён адзначыў трансгранічны характар тэрарыстычных пагроз. Паводле яго слоў, задума тэракта можа фарміравацца ў адной краіне, а яе рэалізацыя адбывацца ў іншай.
«Таму тут у адзіночку мы сучасныя задачы антытэрору вырашаць не зможам. Узровень узаемадзеяння мае ключавое значэнне для паспяховасці вырашэння задач», — падкрэсліў першы намеснік старшыні КДБ.
Ён таксама адзначыў, што ў ходзе вучэння былі сумешчаны розныя стылі вырашэння контртэрарыстычных задач. Напрацаваную методыку і атрыманы вопыт Беларусь гатова перадаваць партнёрам па лініі Выканаўчага камітэта РАТС ШАС і АТЦ СНД.

«Мы не спрабуем кагосьці атакаваць. Мы спрабуем выбудаваць контрбяспеку, заснаваную на даверы ў першую чаргу і сумесным узаемадзеянні, адзіным разуменні тых задач, якія мы вырашаем», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, удзел шасці краін у сумеснай адпрацоўцы не азначае стварэння новага ваеннага блока, а накіраваны на практычнае ўзмацненне ўжо існуючых механізмаў узаемадзеяння. «Гэта спроба ўзмацніць тое, што ўжо ёсць, праз практыку», — рэзюмаваў Сяргей Церабаў.
Фота Андрэя Сіняўскага




