Інвестыцыі на мільярд. Лукашэнка азнаёміўся са стратэгіяй у АПК Віцебскай вобласці
14 ліпеня, Аршанскі раён . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся са стратэгіяй развіцця АПК Віцебскай вобласці,
У час рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы ў Аршанскі раён старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік далажыў аб рабоце з інвестарамі ў сельскай гаспадарцы, рэалізацыі новых праектаў з сукупнымі інвестыцыямі амаль 1 млрд рублёў. У ліку інвестараў — агракамбінат «Дзяржынскі», ААТ «Савушкін прадукт», Горацкі харчовы камбінат, кампанія «Сервалюкс».
«Агракамбінат «Дзяржынскі» ўжо зайшоў на Аршанскі мясакамбінат. Эканоміка там стала значна лепшай. Тут без усялякіх сумненняў абсалютна правільнае рашэнне», — сказаў Аляксандр Рагожнік. Дадаткова дамовіліся аб будаўніцтве аб’ектаў у птушкагадоўлі, для адкорму буйной рагатай жывёлы.
«Савушкін прадукт» рэканструюе Полацкі малочны камбінат. «Мадэрнізацыя ідзе поўным ходам. Абсталяванне паступае», — паведаміў кіраўнік рэгіёна.
Аляксандр Лукашэнка зрабіў важную стратэгічную заўвагу: «Гэта добра, у цябе перапрацоўка. Але да гэтага ты падвязвай зямлю — калгасы, саўгасы».
«У нас разлік — запусціць моцную перапрацоўку. Гэта дасць добрую цану на сыравіну для пастаўкі з гаспадарак», — сказаў Аляксандр Рагожнік.
«Сыравіну добрую яны атрымаюць. Але ўкласціся ў зямлю павінны. Таму што ўсё пачынаецца адтуль — ад малака, ад мяса», — акцэнтаваў Прэзідэнт.
Яшчэ адзін інвестпраект рэалізуе Горацкі харчовы камбінат — пасля мадэрнізацыі Віцебскі малаказавод зможа вырабляць высокарэнтабельны кісламалочны напітак.
«Сервалюкс» інвесціруе ў сельскагаспадарчыя арганізацыі Дубровенскага раёна. Ёсць дамоўленасці аб будаўніцтве некалькіх жывёлагадоўчых комплексаў і перспектыўных праектах з удзелам іншых інвестараў.
У прысутнасці хакіма Андыжанскай вобласці Шухратбека Абдурахманава (рэгіён развівае супрацоўніцтва з Віцебскай вобласцю) Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такія інвестпраекты з беларускімі кампаніямі могуць быць прыкладам і для Узбекістана.
«Гэта адны з лепшых кампаній. Можна іх капіраваць. Вы будзеце бачыць, як мы працуем са сваімі. Гэтак жа будзем і з Узбекістанам», — запэўніў беларускі лідар.
Аляксандр Рагожнік таксама расказаў аб нарыхтоўцы кармоў, разліках на ўраджай і падрыхтоўцы да ўборачнай кампаніі. У гэтым годзе вобласць значна павялічыла плошчы пад кукурузу і нарыхтоўвае травяныя кармы з вялікім апярэджаннем. Ёсць прырост і па паказчыках у жывёлагадоўлі.
Каб запоўніць няхватку механізатараў, на час уборачнай з розных службаў і ведамстваў будзе прыцягнута амаль 900 чалавек.
Валавы збор збожжа з улікам кукурузы і рапсу, як чакаецца, складзе 1,2 млн т. У мінулым годзе сабралі крыху больш за мільён тон. Гэта значыць, у рэгіёне разлічваюць на значны прырост. «Дай бог, каб гэта было так», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Вобласць у гэтым годзе набывае амаль 1,4 тыс. адзінак рознай тэхнікі. Значную яе частку аграрыі ўжо атрымалі. Гатоўнасць парку камбайнаў 95 працэнтаў.
«Барані бог хоць адзін камбайн будзе не гатовы, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Усе камбайны. Мы аб гэтым ужо год таму гаварылі. Зімой трэба было падабраць людзей, дамовіцца з імі. Тэхніка няпростая».
Кіраўнік дзяржавы таксама зрабіў акцэнт на падрыхтоўцы зернесушыльнай гаспадаркі. «Камбайн і збожжаток. І кантроль, каб страт (збожжа пры ўборцы з палёў. — Заўвага ) не было», — падкрэсліў беларускі лідар.







