Калейдоскоп

Яны стануць добрым дадаткам да ўтульнага восеньскага вечара: агляд кніжных навінак

Восень увайшла ў сваю найлепшую пару. Гляджу, як павольна ападае лісце, як парк за акном ператвараецца ў жывое палатно, і не магу нацешыцца гэтай ціхай прыгажосцю. Здаецца, нават паветра стала нейкім асаблівым — празрыстым і крыху сумным. У такія моманты хочацца спыніцца, выдыхнуць і пабыць сам-насам са сваімі думкамі. Але для мяне гэта яшчэ і час, калі цягне паглыбіцца ў добрую кнігу. А ці знаходзіце вы хвілінку, каб зазірнуць у кнігарню ці прагарнуць навіны літаратурных сайтаў? Сярод бясконцага патоку інфармацыі ў сацсетках так важна не прапусціць нешта сапраўды вартае — тое, што напісалі нашы сучаснікі. Сабраў для вас колькі кніжных навінак, якія паспеў прачытаць. Спадзяюся, яны стануць добрым дадаткам да вашага ўтульнага восеньскага вечара.

Маладая пісьменніца Вікторыя Кляўко ўварвалася ў літаратурную прастору з дэбютным раманам «Вырай», які вытрымаў ужо два выданні. І вось новая сустрэча! Выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў і Літаратурнага інстытута імя Горкага прэзентуе аповесць «Моя первая Ева». Калі раман быў напісаны па-беларуску, то аповесць — на рускай мове, і яе дэбют адбыўся ў расійскім часопісе «Москва». Дадамо інтрыгі: раман «Вырай» у 2024 годзе ўвайшоў у лонгліст прэміі «Ліцэй», а ў Купалаўскім тэатры па ім прайшлі тэатралізаваныя чытанні.
Пра што ж новая гісторыя? Гэта шчыры аповед пра сямейныя сувязі, каханне і цяжар адказнасці. Канец 1980-х, невялікі гарадок пад Мінскам. Юная маці, якая не была гатова да дзіцяці, і бацька, што сыходзіць з сям’і, калі дачцэ споўнілася пяць. Адзіная памяць пра яго — лялька Ева, нават імя бацькі ў доме стала табу… Сюжэт, які чапляе за жывое, ці не так? Аматарам паэзіі — падвойная навінка. У серыі «Новая бібліятэка беларускай паэзіі» адначасова з’явіліся дзве анталогіі, якія нібы вядуць паміж сабой нябачны дыялог: «Не пакідай мяне адну. Вершы беларускіх паэтак пра каханне» і «Таемнасць ночы. Вершы беларускіх паэтаў пра каханне«. Укладальнікам зборнікаў выступіў аўтарытэтны кнігавыдавец і літаратар Алесь Бадак.

Цікава назіраць, як па-рознаму гучыць любоўная лірыка ў залежнасці ад таго, хто трымае «пяро». Мужчынскі погляд — шчыры, крыху настальгічны, напоўнены метафарамі волі і адпушчэння. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Міхась Башлакоў піша: «Асенні матылёк / Трапечацца ў акне… / Ах, як пяшчотна / Ты яго спаймала!.. / Так некалі / Спаймала і мяне, / Аб чым не раз, відаць, / Пашкадавала… / Што шкадаваць? / Каханая, не плач… / Гады нам тыя / Не вярнуць ніколі… / Адно прашу: / Грахі мае прабач — / І адпусці, / Як матылька, / На волю…». Радкі міжволі выклікаюць у памяці «Маёвую песню» Максіма Багдановіча з яе сінякрылым матыльком, што б’ецца ў вішнёвым пуху. Параўнайце з жаночым успрыманнем, якое ўвасобіла ў сваёй творчасці светлай памяці Святлана Басуматрава: «Любіла любоўю адданай і шчырай, / А побач цябе затрымаць не змагла. / Зноў птушкі за сонцам збіраюцца ў вырай. / Няўжо ж і табе не хапіла цяпла?». Адчуваеце розніцу? Мужчына імкнецца да волі, жанчына — да захавання цяпла. Ці не ў гэтым кантрасце галоўная таямніца кахання?  Паэзія заўжды адкрывае для нас і новыя імёны. Знаёмцеся: Яўгенія Пракапчук. Яна родам з Берасцейшчыны. Сярэднюю школу скончыла ў Ганцавічах, пасля — філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Настаўніцай працавала ў Чудзінскай сярэдняй школе. Некаторы час была аглядальнікам у раённай газеце «Ганцавіцкі тыдзень». Кніга маладой пісьменніцы «За парогам» пабачыла свет у серыі «Маладосць», якую сёлета заснавалі Міністэрства інфармацыі Беларусі і адразу некалькі дзяржаўных кніжных выдавецтваў краіны.

Яўгенія валодае рэдкім дарам — сказаць шмат, выкарыстаўшы мінімум слоў. Толькі ўслухайцеся ў верш пад назвай «Душа»: «Душа згарае пры жыцці / і пасмяротных не чакае / кастрышч. Пакуль жыццём палае, / то перад смерцю не трымціць».

Кніга «За парогам» адкрывае нам Яўгенію і як тонкага празаіка. У раздзеле «Ружанец дзяцінства» сабраны эсэ і апавяданні, якія чытаюцца як шчырая споведзь. Гэта своеасаблівыя кропкі апоры, дзе аўтарка разважае пра тое, што складае падмурак нашага быцця: ад сямейных традыцый да складанага выбару, перад якім часам апынаецца кожны з нас. Яна не дае гатовых рэцэптаў шчасця, яна хіба што падсвечвае тыя схаваныя ад вачэй дэталі, з якіх і складаецца сапраўднае жыццё. «Удар золотой бутсы» — назва зборніка з трох аповесцей Алеся Камароўскага — аўтара, які ўпэўнена і паслядоўна займае нішу спартыўнага летапісца ў беларускай літаратуры. Ці можа мастацкі твор перадаць нерв вялікага спорту? Легендарны футбаліст і трэнер Эдуард Малафееў, прачытаўшы некалі яго аповесць «Завороженный мяч», не стаў хаваць эмоцый: «Аўтар аповесці дасягнуў галоўнага, бліскуча паказаў: футбол — штодзённая цяжкая праца і пошук на шляху павышэння майстэрства. Толькі тады зачараваны мяч можа стаць паслухмяным любому руху іграка. Толькі ва ўпартай працы вырастае сапраўдны футбаліст, вялікі спартсмен і, зразумела, чалавек».

Гэтыя словы — найлепшая рэкамендацыя для моладзі. Але не праходзьце міма і іншых твораў зборніка — «Пенальти» і «Удар золотой бутсы». У іх Алесь Камароўскі даследуе, як гартуецца характар і што адбываецца з асобай, калі яна апынаецца перад выбарам у момант найвышэйшага спартыўнага напружання.
Калі шукаеце нешта больш інтымнае і пранікнёнае, звярніце ўвагу на іншую навінку — кнігу апавяданняў «Подых жыцця». Яе аўтар — Паліна Корнева, будучы доктар. Ужо трэці раз яна запрашае чытача ў свой творчы свет. Пасля паспяховых зборнікаў «Я еду на хуткім цягніку» і «Запіскі юнай хірургіні» новая кніга выглядае як магутная заяўка маладога талента.

Пад адной вокладкай сабрана 11 апавяданняў. І калі «Палёт на Марс» многім ужо знаёмы па перыёдыцы, то астатнія тэксты стануць сапраўдным адкрыццём Паліны-празаіка. Яна піша ўнікліва, выбудоўваючы сюжэты так, каб мы ўбачылі сучаснага маладога чалавека ў момант ісціны: калі трэба браць на сябе адказнасць, рабіць выбар і вызначаць сваё месца ў гэтым вялікім свеце.

Мяркую, што зусім хутка і крытыкі, і самыя патрабавальныя чытачы прызнаюць творчасць Паліны Корневай адной з самых цікавых з’яў у сучаснай беларускай літаратуры. Не прапусціце момант, калі нараджаецца сапраўдны майстар слова — пачынайце чытаць ужо сёння!
Алесь Карлюкевіч для часопіса «Беларуская думка».
Читайте также: 
Зачем сегодня ходить в библиотеку? Заглянули в одну из лучших в Беларуси и узнали

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»