Як плаціць падаткі з данатаў у TikTok, растлумачылі ў МПЗ
Фота з архіва 17 лістапада, Мінск . У Міністэрстве па падатках і зборах растлумачылі нюансы падаткаабкладання даходаў фізічных асоб, атрыманых у выніку правядзення прамых эфіраў у сацсетцы TikTok.
У час прамых трансляцый у TikTok гледачы могуць купляць за манеты TikTok аніміраваныя віртуальныя падарункі (ад простых значкоў да складаных эфектаў) і адпраўляць іх аўтарам прамых эфіраў, у тым ліку каб падтрымаць іх кантэнт. TikTok аўтарам эфіраў (фізічным асобам) за падарункі налічвае віртуальныя балы — «алмазы». У далейшым у адпаведнасці з правіламі TikTok назапашаныя «алмазы» канверсуюцца ў сапраўдныя грошы, якія даступны да вывядзення на рахункі ў банках.
У Беларусі такія даходы абкладаюцца ў наступным парадку. «Згодна з пунктам 1 артыкула 196 Падатковага кодэкса для фізічных асоб, якія прызнаюцца падатковымі рэзідэнтамі Беларусі, аб’ектам падаткаабкладання падаходным падаткам з фізічных асоб з’яўляюцца даходы, атрыманыя імі ад крыніц у краіне і (або) за яе межамі. Адпаведна грашовыя сродкі, атрыманыя фізічнай асобай — падатковым рэзідэнтам Беларусі ад замежнай кампаніі — уладальніка інтэрнэт-платформы TikTok, падлягаюць падаткаабкладанню падаходным падаткам. Паколькі грашовыя сродкі атрыманы ад TikTok, яны не з’яўляюцца даходамі, атрыманымі ў дар ад фізічных асоб, і льготы, устаноўленыя ў артыкуле 208 Падатковага кодэкса, на такія даходы не распаўсюджваюцца», — растлумачылі ў МПЗ.
Падаткаабкладанню падаходным падаткам падлягае ўся сума грашовых сродкаў, атрыманых ад інтэрнэт-платформы TikTok.
Падаходны падатак вылічваецца падатковым органам на падставе падатковай дэкларацыі (разліку), якую падае фізічная асоба ў парадку, устаноўленым артыкулам 222 Падатковага кодэкса. Стаўка падатку складае 13%.
Толькі ў выпадку атрымання фізічнай асобай у ходзе правядзення прамых эфіраў у TikTok падарункаў (данатаў) у выглядзе грашовых сродкаў непасрэдна ад гледачоў — фізічных асоб (напрыклад, шляхам пералічэння грашовых сродкаў на банкаўскія рахункі аўтара) падаткаабкладанне такіх даходаў ажыццяўляецца з улікам ільгот, устаноўленых пунктамі артыкула 208 Падатковага кодэкса.






