Форум рэгіёнаў Беларусі і Кыргызстана ўмацуе двухбаковыя сувязі — намеснік мэра Бішкека
10 лістапада, Мінск . I Форум рэгіёнаў Беларусі і Кыргызстана важны для развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння і рэалізацыі сумесных праектаў. Аб гэтым заявіў намеснік мэра Бішкека Муратбек Атай у час пленарнага пасяджэння форуму,
Паводле слоў Муратбека Атая, Бішкек і Мінск звязваюць шматгадовыя дружалюбныя і партнёрскія адносіны. У 1997 годзе заключана пагадненне аб эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве, у 2008-м устаноўлены пабрацімскія сувязі.
«Адным з практычных вынікаў супрацоўніцтва стала ўзаемадзеянне ў сферы муніцыпальнай гаспадаркі, у тым ліку пастаўкі беларускай спецыяльнай і дарожна-будаўнічай тэхнікі для прадпрыемстваў Бішкека. Мы высока цэнім гэты вопыт і зацікаўлены ў далейшым пашырэнні ўзаемавыгаднага партнёрства», — сказаў Муратбек Атай.
Для Бішкека ў ліку прыярытэтных задач — мадэрнізацыя гарадской інфраструктуры, удасканаленне транспартнай сістэмы, павышэнне якасці камунальных паслуг, добраўпарадкаванне і ўкараненне лічбавых тэхналогій у гарадское ўпраўленне. Горад зацікаўлены ў абмене вопытам па ўтрыманні дарог, прыбіранні гарадскіх тэрыторый, у пастаўках спецыяльнай камунальнай тэхнікі, пашырэнні прамых кантактаў паміж беларускімі вытворцамі і профільнымі прадпрыемствамі Бішкека, інвестыцыях у гандаль і прадпрымальніцтва, актывізацыі дзелавых кантактаў. Таксама перспектыўна ўзаемадзеянне ў сферах адукацыі, культуры, турызму, маладзёжнага абмену, умацаванне сувязей паміж спартыўнымі арганізацыямі.

«Разглядаем Мінск як надзейнага партнёра і зацікаўлены ў далейшым умацаванні ўзаемаадносін. Сённяшні форум дасць магчымасць вызначыць новыя агульныя інтарэсы і закладзе аснову для канкрэтных сумесных праектаў на карысць нашых гарадоў і грамадзян», — дадаў Муратбек Атай.
Фота Віталя Піваварчыка






