«Ён перш-наперш асоба». Пяць беларускіх кніг, якія цікава было бы прачытаць летам
Год беларускай жанчыны перасягнуў ужо экватар, уступіўшы ў сваю другую палову. Мне здаецца, менавіта цяпер, калі ўсе імкнуцца да адпачынку, а думкі нашы лунаюць дзесьці далёка ад штодзённай мітусні, літаратура набывае асаблівую важнасць. Бо ў гэты час мы быццам запавольваемся, і адкрываецца новая прастора для падарожжаў у свет кніг.
Сёння я сабраў для вас некалькі цікавых навінак — як мастацкай, так і мастацка-публіцыстычнай літаратуры. Спадзяюся, гэтыя творы зацікавяць вас і, магчыма, адкрыюць нешта новае. Бо кнігі, як вядома, маюць уласцівасць пашыраць нашы гарызонты і дапамагаць лепш разумець навакольны свет.
Пачнём з паэзіі. Валерыя Грышкаўца, беларускага паэта, які піша на рускай мове, ведаюць, бадай, ва ўсёй краіне. Яго творы часта з’яўляюцца на старонках аўтарытэтных расійскіх літаратурных выданняў, а сам аўтар — лаўрэат шматлікіх прэмій, яго творчасць адзначана медалём Францыска Скарыны.
Нядаўна ў серыі «Лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі» выйшла яго кніга «Избранное». Вось радкі, якімі паэт пачынае сваю глыбокую, узважаную размову з чытачом: «Понять, принять и полюбить, / В себе самом открыть другого. / И дальше жить. Всего лишь — жить, / Чтоб слово — дело, дело — слово. / Детей родить и сад растить, / И ошибаться-ушибаться… / Да просто жить! Всего лишь — жить, / От боли плакать и смеяться. / А завтра день, как мир, открыть, / Увидеть: солнце и дорога!.. / И снова жить. Всего лишь — жить, / Не отвернуть лица от Бога». Упэўнены, што сярод мноства вершаў зборніка чытач абавязкова знойдзе тыя, што адгукнуцца ў сэрцы і будуць сугучныя яго ўласным думкам і перажыванням.
А цяпер да прозы. Зборнікам апавяданняў і аповесцей Алеся Бычкоўскага «Чароўны чамадан з пахам адрэналіну» распачата новая выдавецкая серыя «Век прозы». Творы расказваюць пра наша жыццё, адносіны ў сям’і і грамадстве. Аднак мастацкія пошукі аўтара, яго імкненне зрабіць чытанне займальным накладаюць на іх свой непаўторны адбітак. Напрыклад, апавяданне, якое дало назву кнізе, вытрымана ў жанры гумарыстычнай фантастыкі. А ў аповесці «Замарочча» мы сустракаем святара, што нечакана апынуўся ў мінулым, аддаленым ад нас прыкладна на два стагоддзі. Апавяданне «За тысячы гадоў да канца свету» грунтуецца на прытчы пра жанчыну, у якой цяжка захварэў муж. Каб яго выратаваць, яна мусіла прасіць у людзей «дні» з іх жыцця, каб ахвяраваць іх для мужа. Хтосьці даваў адзін дзень, хтосьці — два. У выніку высветлілася, што мужчыну не хапала звычайнай чалавечай любові, і менавіта праз гэта ён ледзь не памёр. Дзякуй Богу, усё скончылася добра.
А вось кніга «Здрада» мае падзагаловак «Сучасная жаночая проза». У ёй сабраны аповесці жанчын, якія сёння актыўна працуюць у беларускай літаратуры. Тут знойдзеце «Ніку» і «Абранніка» Зінаіды Дудзюк, «Час адплаты, або Паляванне за шчасцем» і «Выйсці замуж за шведа» Святланы Бязлепкінай, «Здраду» і «Мой пясочны гадзіннік» Наталлі Касцючэнка, а таксама «Паміж днём і ноччу» і «Свае і чужыя» Ніны Рыбік.
За плячыма ў кожнай з гэтых аўтарак — свой унікальны жыццёвы і літаратурны вопыт, які адчуваецца ў кожным радку. У творах пераплятаюцца розныя пакаленні, і, адпаведна, размова ідзе пра розныя перыяды ў гісторыі нашай краіны. Але літаральна ўсе творы прыцягваюць адным — аўтары падрабязна і глыбока разглядаюць адносіны паміж жанчынай і мужчынам, акрэсліваючы філасофію жыцця па-мужчынску і па-жаночы. І, прызнаюся, мне заўсёды было цікава, як менавіта жанчыны бачаць гэтыя адносіны, якія нюансы яны падкрэсліваюць, якія таямніцы раскрываюць.
Зусім нядаўна мы развіталіся з Уладзімірам Іванавічам Карызнам, народным паэтам Беларусі, аўтарам слоў нашага Дзяржаўнага гімна. І вось першае пасмяротнае выданне: у серыі «Новая бібліятэка беларускай паэзіі» выйшла кніга «Беларусь мая сінявокая».
Прызнаюся, чакаў убачыць у ёй пераважна патрыятычныя вершы, тыя, што мы ведаем і любім з дзяцінства. Але, прагартаўшы першую частку зборніка, пераконваешся: Уладзімір Карызна паўстае як тонкі, па-мастацку грунтоўны лірык. Яго вершы — прастора святла, якая прабівае цемру вострымі сонечнымі праменьчыкамі. У іх ёсць таямніца, інтрыга, што прыцягваюць і ўзбагачаюць чытача. І гэта не дзіўна. Бо аўтар, як ён сам прызнаваўся, быў у пастаянным пошуку, напоўненым трывог і сумненняў.
«Ці не замнога гаворым пра вершы мы, / Тэму сухую грызём і грызём: / Верш — / гэта стог завершаны / Ці бясформенны чарназём…» — радкі з верша «Пра паэзію», напісаныя яшчэ ў 1981 годзе, сведчаць пра глыбокія разважанні над сутнасцю творчасці. Любоў да чалавека, захапленне роднай старонкай — усё гэта ў творчасці Уладзіміра Карызны кліча чытача ў будучыню, напаўняе сэрца надзеяй.
І яшчэ хачу расказаць пра публіцыстычнае выданне Уладзіміра Дражына «Беларусь на рубеже XX-XXI столетий. О том, что помнится…». Аўтара многія з нас ведаюць па яго дзейнасці на розных дзяржаўных пасадах. Ён быў і старшынёй Нясвіжскага райвыканкама, і намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі, і дыпламатам.
Перагортваючы старонкі кнігі, неўпрыкмет пераконваюся: жыццё гэтага чалавека, службоўца, у значнай ступені паяднана з беларускай культурай. Рэстаўрацыя замкаў, тэатраў, музеяў, ініцыятывы заканадаўчых актаў дзеля развіцця нацыянальнай культуры — Уладзімір Дражын быў сярод тых рупліўцаў, хто не шкадаваў часу, сумленна і адказна падыходзіў да вырашэння гэтых клопатаў.
Аднойчы журналістка запыталася ў старшыні Нясвіжскага райвыканкама, маўляў, навошта вам гэты галаўны боль — у самы турботны час палявых работ арганізоўваць фестываль беларускай камернай музыкі «Музы Нясвіжа». І вось што пачула ў адказ: «Вы не першая задаяце такое пытанне. Адкажу. Мой жыццёвы вопыт, шматгадовая праца з людзьмі пераконваюць, што менавіта культура, духоўнасць, як ніякі іншы „рычаг“, даюць тую самую надбаўку да ўраджаю, прывагі, надоі. Чалавек не толькі „суб’ект гаспадарання“. Ён перш-наперш асоба, а асобу фарміруе ў першую чаргу культура».
На старонках кнігі Уладзіміра Дражына чытача чакаюць сустрэчы з многімі дзеячамі культуры, палітыкамі, пісьменнікамі, людзьмі нераўнадушнымі, кожны з якіх пакінуў свой след у будаўніцтве нашай суверэннай дзяржавы. Гэта жывая гісторыя з першых вуснаў, з уласнымі ацэнкамі і разважаннямі. І менавіта асабістая нотка робіць кнігу Уладзіміра Дражына такой прывабнай. Яна не толькі пра мінулае, але і пра будучыню, нагадваючы, што культура — не раскоша, а неабходнасць, аснова, на якой будуецца моцная і паспяховая дзяржава.
| Алесь Карлюкевіч для часопіса «Беларуская думка».
Чытайце таксама:
«Пра іх цяжка гаварыць як пра адзінае пакаленне»: як знаходзяць літаратурныя таленты?
Як знайсці тую самую цікавую кніжную навінку? Прапануем пяць цікавых варыянтаў
Як адкласці штодзённыя клопаты? Прапануем 5 захапляльных кніжных падарожжаў


